ВЕРАЦЯНО


Нібы яго точыць верад, верацяно шчыруе ад цямна да цямна, а калі запальваецца лучына, то і ў часы вялікіх і мігатлівых ценяў, і такім чынам расце: набывае ўсё большую вагу, таўшчыню і вартасць.

Скіроўваючыся сваім верхам і нізам у два процілеглыя канцы, сумяшчаючы і ўраўна-важваючы ў сабе два процілеглыя вектары, верацяно не западае ў невараць, а ўцягвае навакольную прастору ў віртуальную сферу свайго ўплыву.

Быццам віруе вір, верацяно верціцца адно толькі наўкола самога сябе і, «перацягваючы» разбэрсанае ў спарадкаванае, няпэўнае ў пэўнае, верыць, што яно цэнтр рэчаіснасці.

I ці возьмецца хто пярэчыць, што яно не мае рацыі?!.



Загрузка...