Пастка — частка прасторы, аднак такая частка, якая, месцячыся ў прасторы, змяняе структуру самой прасторы: у яе лёгка ўвайсці, але з яе цяжка выйсці, у яе проста ўпасці, але няпроста выпасці.
Калі ўсе падаюцца спаць, пастка не спіць, яна ўстойлівая ў сваім пастаянстве, яна на пасту, яна посціць, і суткі мінаюць за суткамі, пакуль штось не стукнецца ў ёй, не ляснецца, не пасунецца — і яна не замкнецца.
Пастка ставіцца не ў пустцы, куды заходзяць адно толькі самотныя пілігрымы, і не на пляцы, дзе ўсе ходзяць статкам, а на сутыку пусткі і пляца, дзе песціцца сад спакусы і дзе распяраз-ваюцца, скідаючы свае паскі, пачуцці. Але таму, хто спатыкаецца на гэтым сутыку, прызначае спатканне помста, і таго, хто каштуе спакусу, кусае пастка.
Пастка, аднак, зусім не зацікаўленая ў тым, каб некага захопліваць у сваю пашчу, каб некага скоўваць пакутай, яна перш за ўсё пастух, які пасвіць чалавека на яго жыццёвым шляху, не даючы яму заблудзіцца ў свеце і змарнаваць у нясталых стасунках са светам сваю каставасць, сваю выключнасць, сваю «сакратавасць» і «паскальнасць».
Той, хто, трапіўшы ў пастку, знаходзіць з яе запасное («спасное») выйсце, па сваім стане і статусе ўжо іншы, чым быў дагэтуль, і іншая па сваім стане і статусе пастка: не супастат, якога клянуць усе небаракі, а сама іпастась чалавечага існавання.
Але пра гэта даведваецца толькі вынік, толькі канец, толькі пастскрыптум.