ДОЖДЖ


Дождж даўгажданы, доўгажаданы. Ён «доіцца» з неба і дагаджае атожылкам руні, дрэвам, усёй зямлі — ён іхні заўсёдны добраахвотны даўжнік.

Дождж прыходзіць як боскі адказ на стара-славянскую — старасялянскую — малітву: «Хлеб наш насущный даждь нам днесь».

Дождж добры, дождж дужы, калі ён у меру, у дозу, у «досыць» і калі ў пару — у сяўбу, а не ў жніво і ў дажынкі.

Дождж падарожнічае ўдоўжкі і ўшыркі, без сцежак і без дарог, і там, дзе ён пабывае, жыццё адраджаецца нават з прысаку, нават з жуды.


Загрузка...