Аддадзены сваёй прадузятасці, якая зрабілася яго натурай, свярдзёлак, як дзяцел, заўсёды звернуты вастрыём сваёй увагі да дрэў, але калі дзяцел дрэвы лечыць, то свярдзёлак, надварот, вярэдзіць.
Свярдзёлак апяразаны спіралямі свербу, якія прымушаюць яго то ўкручвацца ў сярэдзіну дрэва, то выкручвацца назад.
Свярдзёлак сярдзіты: ён зацвярдзелы ў сваіх дзеяннях і перакананнях, і «драўляныя» слёзы яго не кранаюць.
Вынік свярдзёлкавай дзейнасці — дзіркі: імі дзеліцца паяднанае і паядноўваецца падзеленае і дзякуючы ім «сярэды» і «панядзелкі» маюць магчымасць непасрэдна пагутарыць між сабой.