Нібы старадаўні ідал-стод, студня займае святое месца: усе да яе прыходзяць, усюды яе шукаюць, аднак, у адрозненне ад стода, яе вышыня перакулена ў дол і перакулена ўглыб значэнне; яна тое вышэйшае, што стала ніжэйшым, каб змагчы наталіць кожнага, хто хоча піць, і змагчы памыць кожнаму твар і рукі.
Адтульваючыся паверхні, студня далучае гэтую паверхню да сутнасці: туды пасудзіна апуска-ецца парожняя, адтуль падымаецца поўная,— і па тым, як студня сябе паводзіць (ці броснее, ці глушэе, ці высыхае), можна беспамылкова меркаваць, што робіцца на паверхні: яна — яе градуснік, яе суд.
Тут, на паверхні, праходзячы свае стадыі, разнастайваюцца дні, тыдні і месяцы, а там, унізе, у студні, пануе ўсё той жа дзень, усё той жа тыдзень і ўсё той жа месяц — першы, першасны: студзень.
Вярста і стадый прывязваюцца да студні, і ёю асцюжваецца стадыён. Студня — універсітэт, студыя людскога жыцця, і ўсім людзям — сваім пажыццёвым студэнтам — яна дае самыя істотныя і неабходныя веды — ваду.
Студня такая неадметная, такая будзённая: амаль у кожным двары, амаль каля кожнай хаты, і нічога яна не мае на дне, што прыцяг-вала б увагу і што прываблівала б пагляды, але ў рудні яе душы, пад спудам, захоўваецца найсвяты цуд — зорнае неба.