ГНЯЗДО


Высока ў галінах дрэў ці недзе нізка, на самым доле, месціцца заснаваны птушкамі дом — гняздо.

Гняздо — тая кропка, дзякуючы якой пера-арганізоўваецца прастора, той магніт, які дазваляе птушкам ляцець далёка — наўздагон за мінулым летам — і здалёк знаходзіць дарогу назад, той цэнтр, у якім у згодзе паміж сабою з'ядноўваюцца скрыжаванне і раздарожжа, дно і бяздонне, доўжкі і шыркі, тое, што ёсць насампраўдзе, і тое, што мроіцца, што прадчуваецца, што здаецца.

Той, хто глядзіць на гняздо, бачыць, што яно робіцца з галінак, з пуху, з травы альбо з гліны — з ўсёй той «аздобы», што можна знайсці ў наваколлі, той, хто раздумоўвае пра гняздо, разумее, што яно нараджаецца — «генезіцца» — з саміх птушак, з іхняй інтуіцыі, з іхняй існасці — падобна таму, як нясуцца яйкі і выводзяцца птушаняты.

Гняздо затуляе сваіх жыхароў ад непагадзі.

У гняздзе жыццё спасцігае азы жыцця.



Загрузка...