Голад глытае ўсе наедкі, якія гадаваў год, холад захутваецца ва ўсе халаміды, якія назапашвала хата.
Холад — дрыготка, голад — сутарга, холад — душахват, голад — жываглот, холад тоіцца ў лёхах, голад — у логаве, голад — ляда, холад — лёд.
Голад глядзіць у дол, холад — у неба, голад гавее, холад вее, голад гандлюе, холад катуе, голад — злыдзень, холад — ліхадзей, голад — даўгун, холад — хапун, голад дужаецца, холад ходаецца, холад — волат, голад — асілак, холад адольвае знадворку, голад — знутры.
Холад адхуквае ўспаміны, голад «адгуквае» згадкі, голад — павадыр, холад — хадыр, голад уздыхае, холад хліпае, голад марыць пра «гладкі» лад, які заўсёды частаваў бы аладкамі, холад — пра дыхтоўны дах, голад — пра галаўня, холад — пра галавешку, голад — пра Gold (золата), холад — пра Holz (дровы).
Голад галіцца, холад хоча, холад голы, як гала, голад худы, як іголка, голад намагаецца знайсці ў наваколлі згоду, холад — пагоду, яны ходзяць удвух, і невядома, хто з іх большы, хто з іх галоўнейшы, але, кленучы голад, што ён гад, а холад — што ён кат, нібы пракаветным ідалам, абодвум ім дагаджае і абодвух іх улагоджвае ўсё свае жыццё люд.