Конь тупае ступою, і, у адпаведнасці з тым, які тут топас, якая тут тапаграфія, яго ступа то спутаная, то свабодная. Аднак ступа ступы не залежыць ад гзтай — топкай ці тупкай — тапаграфіі, яна ў яе свая, і свой рухавік — памяло, і свой пілот — баба-яга, ці, па-іншаму, ёга; ступа ляціць, і расступаецца перад ёю адлегласць, і верталёты-«цюльпаны», «Ілы» і «Тупалі», калі сустракаюцца з ёю, захапляюцца ёю — для іх яна выступ у поступе, уступ у басконцасць.
Але калі ступа пачынае сама захапляцца сабою, яна робіцца сапсутаю і са сваёй ступені спадае на той план быцця, дзе пануе побыт.
Ды за лясамі, рэкамі, стэпамі ёсць у ступы свае сваякі і свае заступнікі — ступы-бажніцы, якія нястомна пытаюцца ў наступнасці: «Дзе пуп зямлі?» і якім наступнасць нястомна адказвае: «Пуп зямлі — ступа».