ГЛІНА


Гліна — «мгліна»: яна спіць у імглістай глыбіні і сніць свае запаветныя «маглівасці».

Для каменя гліна — адліга, для вады — «лыга», але чаго нелыа зрабіць з каменю ці з вады, льга з гліны.

Гліна гнуткая, як галіна, і лінія яе паводзін супадае з лініяй паводзін надвор'я: загаспада-рыць спёка — і гліна спякаецца, нібы крыца, ліне дождж — і гліна «ліняе» і ліпне да ботаў, да пахлапнёў, да галёшаў, якімі, як лінатыпамі, вандроўнікі выдрукоўваюць свой «глінапіс».

Гліна — галетніца: у ёй няма нічога лішняга, і гніль не здольная да яе падступіцца, і голад не здольны яе праглынуць.

Чалавек вырабляе з гліны ўсялякія рэчы: кафлю, цагліны, глякі,— але і сам ён з гліны, і да канца сваіх дзён ён лепіць з сябе такі твор, які адпавядае яго ўяўленням, задумам і ўчынкам: нягеглы і глёўкі — калі яны глёўкія і нягеглыя, «гімалайны» і «галілейны» — калі гэтакія яны.

З гліны ўсё паўстае, і ў гліну ўсё гіне.

Гліна — нігіль, нішто, але ў боскіх руках яна становіцца геніяльнай.


Загрузка...