ПЕНЬ


Усе дрэвы пазіраюць на пень звысоку, але ён і не пнецца ўгору, каб з імі зраўняцца: ці ліпень, ці кіпень, ці хліпень, ён — той самы, ён — нерухомы, ён — дрэва на пенсіі, ён адмежаваны ад вышыні, якая прымушае дрэвы цвісці, хвалявацца, упадаць у роспач і аддавацца надзеі, і таму ён упэўнены ў сабе, і таму ён ні перад кім не гне спіны, і таму ніколі не збіваецца з панталыку, і таму ў сваіх пенатах ён пан.

Пень — не кволая, а спелая, не папярэдняя, а наступная ступень існавання дрэва.

Аб пень спатыкаюцца.

Ля пня спыняюцца.

На пень наракаюць («пеняют»).

Пень успамінаюць у казках і ў прыказках, і сам ён — памяць, у спіралях якой спяць мінулыя леты.

Быццам жывыя манеты-пенязі, пень абсядаюць апенькі.

Да пня, каб пачысціць глюгу, ляціць груган і, каб паспяваць,— пеначка.



Загрузка...