САРОЧКА


Сарочка творыцца з сораму: калі Адам і Ева зразумелі, што яны голыя, яны паспляталі сабе ўборы, якія змаглі б засланіць ад боскіх вачэй іх галечу.

Ці яна крамная, ці шарачковая, ці, як у Індыі, сары, сарочка — родавы знак чалавека, ён ёю «сурочаны». Ён можа выбраць сабе сарочку, якая яму падабаецца, змяніць яе, скінуць, і гэтым ён розніцца ад усіх іншых жывых істотаў, чые «сарочкі» намёртва зрасліся з целам: каб вызваліцца ад іх — трэба памерці.

Выгнаны з раю, чалавек скіроўваецца ўпрочкі, у вонкавы свет, дзе ён будзе жыць па-сірочы і дзе адзінаю рэччу, якая яму застанецца як спадчына і як напамінак пра страчаную айчыну, будзе сарочка.

Прыкмета: хто родзіцца ў сарочцы,— шчаслівы.

Смяротны праклён: «Хай не чапае цябе сарочка!»

На таго, хто не мае сарочкі — ці, можа, сораму — сварыцца сарока.

I толькі ў сарачыны, праз сорак дзён пасля таго, як чалавек пакладзецца ў сырую зямлю альбо ў саркафаг, чалавечая душа канчаткова «рассу-рочваецца»,«рассарочваецца» і, вольная ад прыцягнення ўрочышча ценяў, паварочваецца да зор.


Загрузка...