СМАГА


Смага — «мага»: яна можа тое, чаго не могуць звычайныя станы, і там, дзе яны прызнаюць сваю паразу і згаджаюцца, што магіла магутнейшая за ўсіх і за ўсё, смага змагаецца і пасягае на перамогу.

У смагі няма ні масы, ні вагі, аднак яна прымушае самазадаволеную матэрыю хацець, мучыцца, намагацца, змяняцца і, перавыхоў-ваючы стыхіі, якія ў прыродзе варагуюць паміж сабой, прымушае агонь любіць ваду, а Магелана тварыць немагчымае і, як да магніта, цягнуцца да неадкрытых мацерыкоў.

Яна перайначвае многае ў адзінае, імгненнае ў працяглае, гаму — у магму, альфу — у амегу, пякельнае — у пекнае, смалу — у смарагды, а самасць — у дух.

Магістр магічных навук, смага прысвячае таго, хто згодны ў яе вучыцца, у асновы касмагоніі і дае пакаштаваць веды самым праўдзівым і першаісным чынам — на смак.


Загрузка...