Ключ кліча, замок адгукаецца, ключ шукае, замок чакае, ключ ведае, замок мае, ключ то знікае, то зноўку ўзнікае, замок застаецца заўсёды на тым самым месцы.
Ключ ад усіх хаваецца, замок усім аб'яўляецца, ключ — у схованцы, замок — навідавоку, ключ уладкоўваецца ў сухім і ў цёплым, замок мокне на дажджы і калее на холадзе.
Ключ — клічнік, замок — пытальнік, ключ — модус, замок — атрыбут, ключ — учынак, замок — з'ява, ключ належыць мужчыне, замок — жанчыне, ключ — неба, замок — зямля.
Замок забараняе, ключ дазваляе, замок — зіма, ключ — вясна, замок — правіла, ключ — выключэнне, замок — загадка, ключ — адгадка, замок — нуль, ключ — адзінка.
Ключ бачыць, замок пазірае, ключ чуе, замок слухае, ключ — лічба, замок — слова, ключ — дзейнік, замок — выказнік, ключ — выпадковасць, замок — заканамернасць, ключ — магчымасць, замок — неабходнасць.
Ключ — смык, замок — скрыпка, і куды б, далёка ці блізка, ні адыходзіў ключ ад замка, сувязь, якая іх лучыць, не калечыцца і не камечыцца, і адкуль бы, здалёк ці зблізку, ні вяртаўся ключ да замка, за гэтым вяртаннем сочыць музыка іхніх узаемадачыненняў.