Прымхі прачынаюцца ў прыцемках, калі святло — ужо не святло, і цемра — яшчэ не цемра.
Прымхі — духі сізой, «мхлівай» даўніны, якія твораць сваю імшу ў храме цяпершчыны.
Іх нельга ўспрымаць думкаю і акрэсліваць моваю: яны аб'яўляюцца і атабарваюцца на ўскрайку думкі, на ўзмежку змыслу, у сутарэннях мовы, як іхні прымешак, як іхні прыметнік: яны — пры-думкі, «пры-мсы», пры-маўкі.
Прымхі — сялянскія, хатнія, прымацкія, гэткія ж, як мяхі з жытам і як мышыны шоргат.
Прыхаманлівыя, нібы гульня ўяўленняў, прымхі прымаюцца на веру, але прынятыя, праймаюць — «прыімхаюць» — сабою, як мох саламяную страху, чалавечае бытаванне і прымушаюць яго ва ўсім, быццам з прэм'ерамі, раіцца з імі, з прымхамі.