ПІЛА


Ці гэта ліпень, ці лістапад, у пілы — пільніца, напружаная часіна: нібы навачасны Пілат, яна заўзята дапытваецца ў ліпы, піхты, яліны, клёна адказу на адно і тое ж пытанне: у чым ісціна? — і, намерваючыся любою цаною «даплыць» да ісціны, то плаўна, а то з запалам паглыбляецца ў іхнюю сарцавіну, у іхнюю «замкавіну», але ўсялякі раз плён яе допытаў — пыл, пілавінне.

У палоне сваёй заўзятасці, сваёй паляўнічасці піла засляпляецца: яна перапалавіньвае дрэвы наскрозь, разнімае іх на палены, і там, дзе яна спадзяецца набыць большую глыбіню, яна набывае большую плыткасць, што неўзабаве заканчваецца карою, якая ледзьве ліпіць, ды голай, пустой паверхняй, і там, дзе яна спадзяецца сустрэцца з ісцінай, яна су-стракаецца з парадоксам, якога ніяк не можа засвоіць і які ўвесь час перажоўвае-перапі-ліквае ўголас: калі глыбей, то плытчэй, калі глыбей, то плытчэй...

Піла адмаўляецца ад якой бы там ні было платы: яна аскетычна-пляскатая, і што яна п'е, тое выплёўвае.

Пілатаж у пілы просты, пілігрымка аднастай-ная: наперад — назад, назад і наперад, аднак яны немінуча «ўліпаюць» у запамежную рэ-чаіснасць канцэнтрычных кругоў і капілярных трубак і дзейсняцца паводле законаў ірацыя-нальнай лічбы «Пі» — лічбы, якая не ведае завяршэння.


Загрузка...