З усіх дрэў дуб самы дужы, самы векавечны, самы даўні і самы будучы — ён увасабляе сабою трыяду часу: даўніну, цяпершчыну і будучыню і сваім існаваннем сцвярджае: быў, ёсць, буду.
Аб дубе бытуюць паданні, але сам ён не дбае аб тым, каб каму-небудзь падабацца: уся яго турбота, каб і ўлетку, і ўзімку быць сабою самім — дубам.
Усё, што робіцца з дуба, усё, што з яго будуецца, мае адменны характар: яно трывалае, яно добрае — яго не паточыць шашаль і ў ім не наробіць гнёздаў цвіль.
Дуб і падобны да ўсіх іншых дрэў, і адроз-ніваецца ад іх менавіта сваёй большай драўлянасцю, дрэвавасцю: ён дрэва ў дрэве кроці, у два разы, у «дубль».
Дуб — тутэйшае дрэва ведаў: на ім сядзіць вешчая птушка бусел, пад ім — сівы дзед: вясковы буда.