Торба — рот, які глытае ўсё, што яму даецца, што ў яго кладзецца,— ці гэта хлеб, ці сала, ці кавалак сыру, ці тузін печаных бульбін, аднак, праглынутыя, яны атабарваюцца ў торбе, як у сябе дома.
Торба — «творба»: яна творыць чалавека, фармуе яго постаць, удакладняе яго паводзіны, афарбоўвае яго думкі, і людзі, ведаючы, што з торбай лепш, чым без торбы, баяцца, аднак, рабіць яе сваім правадыром, шлюбавацца альбо братацца з ёю, каб самім не зрабіцца яе атрыбутамі — жабракамі.
Парожняя — торба, нібы хвароба, цягне свайго носьбіта долу, поўная — нібы «горба», узносіць угору.