Клін вымаецца з дрэва, як рыбіна лін з вады, але калі лін, кінуты ў ваду, зноўку прымаецца ёю, то клін прыняцца дрэвам не можа.
Клін — раскольнік, родны дрэву па плоці і іншародны па духу: ён упарта вышуквае ўдрэве хоць якое-небудзь парушэнне, хоць якую-небудзь трэшчыну, каб, няўхільна ўбіваючыся ў яе і запаўняючы яе сабою, давесці моцнае да распаду, адзінае — да раздваення.
Нібы ключ, клін адмыкае калоду, ці карчаку, ці бервяно, але зноўку замкнуць іх не здатны; ён пранікае ў самыя запаветныя схованкі, але, сілком адчыняючы іх, ніколі нічога — нібы здзяйсняецца нейкі, не зразумелы яму заклён — не знаходзіць.
Клін робіцца не з клёну альбо з каліны, а з «калянага» дрэва і, дастасоўваючыся да дрэва, як усклік да гаворкі, як клічнік да выказвання, уяўляе сабой канстанту, дзе тонкае неўпрыкмет пераходзіць у шырокае, а паступовае — у праніклівае.
Воблік у кліна аднастайны, але ўсе «клінічныя» сітуацыі спадзяюцца на клін.