ДЫМ


Безмаёмасны, бы манах-дамініканец, і багаты, бы цар Мідас, дым падымаецца ўгору і па-дымае з сабою, што ўзняцца само не можа: бадылле, ігліцу, галіны, а часам нават будынкі.

Але калі ў паднябессі ён адтуляе абдымкі, каб адняць ад сябе свой набытак, каб адмыцца і ачысціцца ад яго, ён адымаецца і сам: стано-віцца проста яснасцю, проста «невідзімнасцю», і паднябессе, як мытня, бесперашкодна прапускае яго ў свой эдэм.

Дым думае, і хоць на мадэль яго думання ўплываюць шмат якія ўмовы і абставіны: ад-куль ён распачынае сваю вандроўку — з далі-ны, з гары, ці з выдмы, якія «модлы» — каінавы ці авелевы — нясе з сабою і каму прысвяча-ецца — дэману ці дэміургу, - найпершая, най-дамінантная ўмова — каб ён рухаўся, каб па-дымаўся, каб быў дынамічны, бо нерухомы — ён толькі сажа, толькі куродым, толькі туман.

Дзе дым, там дом, і калі агонь для дома — дыямент, дык дым — дыядэма.

Дым дамаўляецца і знаходзіць супольную мову з усімі стагоддзямі і гадамі і ўпадабняецца то матыльку, то гатычнай бажніцы, то пірамідзе, то дзьмухаўцу, то, урэшце, дамоклаву мячу, і па дыме, нібы па здымку, можна даўмецца, якія гэта стагоддзі і якія гады.

Дым не падманвае нас: ён — матыў, які вынаходзіцца намі самімі і ў якім ёсць мы, ты і вы...


Загрузка...