Пячора — як слімаковая ракаўка і чарапашы панцыр: у ёй туліцца жыццё, якое яшчэ не здольна быць сам-насам з вечнасцю і бязмежнасцю: яно мае патрэбу ў тым, што яго абмяжоўвала б, што яго ахоўвала б ад небяспечнай рэчаіснасці і такім чынам захоўвала для наступнасці,— у прасторы, якая была б яму ўпору.
Пячора — прарочыца: у яе чэраве назапаш-ваюцца магчымасці, песціцца «чалавекасць», датворваецца чалавек, паўтараючы сабой прызначэнне і долю пячоры: як і яна, ён у рэшце рэшт вычэрпваецца і адпрэчваецца, становячыся проста чэрапам, у вачніцы якога будзе ўглядацца будучы Гамлет.
Сваёй пашчай пячора ўчаперваецца ў вонкавы асяродак — у пясчанік, а сваёй прарочасцю ў таго, хто перакрочвае тое, што чуюць вушы і бачаць вочы.
Месцазнаходжанне пячоры ва ўчора, у па-заўчора, а можа, нават у праўчора. У пячоры гарыць вогнішча: на ім нешта смажыцца, нешта пячэцца. Па яе сценах скачуць чараўнікі — чырвоныя водсветы і чорныя водцені, і самі яны спярэшчаны пячаткамі «чалавекасці» — почыркамі і рысамі.
Вакол пячоры швораць і хто ведае што чвораць пачвары.
У пячоры спяць прашчуры.