Палова на палову — ловы: у іх адна палова ловіць другую, левае — правае, свавольнае — вольнае, змысловае — адмысловае.
Паволі, нібы яны валаводзяць, у ловы ўплываюць поплаў і волміна і, каб даўмецца, што гэта за «love», на злом галавы імкліва, падымаючы на дыбы логавы, убягае лес — во хваёвы, а во яловы.
Вымалёўваючы авальны гук «о», у ловах вымаўляе сваё слова паляўнічы рог, а чыннікі эвалюцыі — дзіда, страла ды волава — асвойваюць свае ролі.
Нібы палову ад зерня, ловы ацярушваюць ад першай паловы тое, што кволае і палахлівае, а ад другой найперш адымаюць тое, што вылучаецца,— волатавае.
Ловы авалодваюць галовамі і маюць набыткам тое, што бяруць у жыцця; і кожны раз жыццё пытаецца ў іх: ловы, мо ўжо даволі?!.