Здароўе дае, хвароба адбірае, здароўе радуе, хвароба маркоціць, здароўе здабывае, хвароба губляе, здароўе для кожнага чалавека дар, і кожны чалавек для хваробы ахвяра.
Здароўе выпроствае, хвароба горбіць, здароўе бадзёрыць, хвароба гняце, здароўе дароўвае чалавеку грахі і хібы, хвароба заводзіць на іх рахубы.
Здароўе дарагое, хвароба платная, здароўе харобрае, хвароба нахабная, здароўе простае, хвароба складаная, здароўе робіць, хвароба з'ядае зробленае, здароўе збірае скарб, хвароба яго рабуе, здароўе гаспадаруе, хвароба жабруе, здароўе парадкуе, хвароба бурыць.
У хваробы шмат фарбаў, у здароўя адна, хвароба хаўруснічае з варажбою, здароўе — з харашбою, хвароба хмарыць людскія твары, здароўе азорвае, здароўе — гаспадар, хвароба — госць, хвароба чапае рэбры і ўнетрываецца ў вантробы, здароўе хвошча яе вярбой.
1987-1996, 2008