Карані пакараныя: гэткая іхняя карма — рыць дол, урывацца ў цемру, быць катаржнікамі.
Але ніхто ніколі не чуў ад іх ні скаргі, ні наракання — яны крэўныя з самым вышэй-шым, з сонечным пачаткам РА, і памятаюць вышэйшую праўду — праўду самаахвярнасці.
Карані кіруюцца да радовішчаў жыцця — да крыніц і, здабываючы з адмоўнага КА дадатнае РА, а са сваёй кары — карысць, кормяць ёю дрэва.
Для іх няма ні свайго ранку, ні свайго вечара: ранак для іх — калі дрэва цвіце, вечар — калі яно акрываецца асенняю скрухай.
Там, пад зямлёю, у сваёй краіне, яны каралі, яны карануюць дрэва кронай, яны багатыя будучай радасцю, але выцягнутыя на паверхню, ляжаць як пачварныя крывыя сутаргі — курчы.
Карані лёгка раняцца вонкавай — расся-кальнаю — сілай, аднак, перакананыя, як Каран, яны не могуць скарыцца са смерцю і нерухомасцю, і нават калі дрэва гіне — з іх, з каранёў, усё роўна ўзыходзяць новыя крэўнічы — парасткі.