Каб аперазаць паўнеба, маланцы дастаткова вокамгнення, вокаміргнення: яна амаль бязмежная ў прасторы — такая вялікая і амаль бязмежная ў часе — такая малая.
Яна выкікае з хмарнай імглы і, рассвятляючы гэтую імглу, дасягае найярчэйшага напалу.
Яна ўсюды паспявае, усё спасцігае, і людзі ёй моляцца, як святой, і называюць яе чалавечым імем: Малання, аднак і сама яна — малітва, яскравая малітва прасторы, якая, як людзі, мае патрэбу ў споведзі, ачышчэнні і прасвятленні.
Маланка — ламанка: яна ломіць магутныя дрэ-вы і вымалёўвае трапятлівыя — «ліхаманкавыя» — узоры вышэйшай — электрамагнетычнай — трыганаметрыі.
Маланка спакон вякоў маладая, яна вечная «му-за»: калі яна гаворыць, пануе нямая ціша, калі замаўкае, пачынае гаварыць «гармата» — гром.
Гром агромністы: ён «ахорвае» бязмоўнае і пашырае імгненнае, палохаючы старых і малых тым, чаго ўжо няма, што ўжо мінула.
Гром — гурма і гармідар; пакінуўшы свае харо-мы, ён гоніцца за маланкай, за ўсё чапляецца, усё зрушвае, усё пераварочвае дагары.
Маланка лёткая, гром грувасткі, маланка маляўнічая, гром красамоўны, маланка — змест, гром — форма, маланка — інтуіцыя, гром — логіка, маланка — мелас, гром — рыторыка, маланка крэсліць граматы, адрасаваныя Садому і Гаморы, гром іх абвяшчае.
Маланка жне, гром малоціць, маланка — серп, гром — молат; яны такія розныя, такія непадобныя, але іх яднае гармонія.