Чорнае і белае

Споўнілася мне восем гадоў. Кавалер, як бачыце, ладны. Пачаў, зразумела, на дзяўчынак паглядаць. А была ў нас адна, яе звалі Мілачка. Вучылася яна ў Вільні, у жаночым епархіяльным вучылішчы. А прыгожая, прыгажэй ад яе няма больш на свеце. І вельмі добрая характарам. Яна не ганарылася ні бацькавым станам, ні тым, што сама вучыцца ў вялікім горадзе, ні тым, што я вясковы хлопчык і пастушок, апрануты кепска.

Пабачыўшы, што я ганю каровы дадому, яна заўсёды гукала мяне з саду, дзе бавілася з маёй сястрой Тасяй.

- Уладзік, хадзі сюды, на гігантах пабегаем.

А гіганцкія крокі, пастаўленыя ў іхнім садзе, мелі чатыры вяроўкі. Дзве дзяўчынкі, я трэці, падабраўшы дзве вяроўкі, бегаем, падлётваем хто ведае ў якую вышыню. Смяёмся. Страшнавата, але затое весела.

Вось я падлётваў на гэтых дзвюх вяроўках, разгойдваючы дзяўчынак. Раптам пачуўся трэск і я адчуў, што вяроўкі зашморгалі па маёй уласнай скуры. Саскочыўшы, я памацаў рукою і выявіў, што мае штонікі лопнулі ад самага паяска і да нізу. А мы ў тыя гады ніякіх трусікаў не ведалі і не насілі. Выходзіць, што я з такога гіганцкага размаху павінен зусім здрабнелым спосабам, са штанамі пад пахай, з'явіцца дадому.

Мая юная паненка пашкадавала мяне.

- Не бядуй, Уладзік! Я зараз зарапарую твае майткі, - так па-далікатнаму звалі ў нас штонікі. Яна збегала дамоў, прынесла ніткі, іголку і на мне зліквідавала прарыў.

Я вельмі шчыра і пачціва падзякаваў сваёй юнай даме за такую дапамогу, але бегаць больш не схацеў, тым больш, што клікалі вячэраць.

Павячэраўшы, я прайшоў нечага па хаце. Раптам маці пытаецца:

- Уладзік! Што за дзіва-дзіўнае? У цябе штонікі ззаду зафастрыгаваны белымі ніткамі. Як гэта здарылася?

Ажно мая слаўная паненка зашыла мае чорныя штонікі белымі ніткамі.

Усе пачалі смяяцца.

Гэты выпадак запомніўся мне на ўсё жыццё. І ўжо дарослы, куды б я з дому ні адлучаўся, браў з сабой пакрысе чорных і белых нітак ды іголку, каб не клікаць нікога на дапамогу ў такой справе і не зашываць чорнае белым ці наадварот.


Загрузка...