Сустрэча з ліхімі людзьмі

Увосень 1934 года тэрмінова ехаў я з Яранска да Іашкар-Алы. Ехаў я з адным земляком. Было ў нас дзве фурманкі, па адной на кожнага. Пры кожнай фурманцы - павознік. Але дарога такая цяжкая, што магутныя коні ледзьве цягнулі бадай парожнія калёсы, на якіх былі ўвязаны невялічкія куфэркі. Мы ішлі абочынай дарогі, пехатой. Уся наша дарога працягласцю была восемдзесят чатыры кіламетры. А ехалі мы двое сутак. На сярэдзіне дарогі - начавалі.

На другі дзень, калі добра сцямнела, пачалі мы набліжацца да Іашкар-Алы. Засталося самае гіблае балота, на якім не так даўно насыпалі высокую дамбу - грэблю, а перад ёй, над балацянай рэчкай, - доўгі драўляны мост паставілі. І вось каля гэтага моста і заселі ліхія людзі, каб сабраць свой крывавы плён. На наша шчасце, з горада ехаў нейкі чалавек конна. Тыя ліхія людзі меліся ссадзіць яго, але ён паспеў уцячы. Параўняўшыся з намі за які кіламетр ад моста, гэты чалавек хуценька папярэдзіў нас:

- Браткі! Асцярожна! На мосце ліхія людзі!

Мы адразу спыніліся. Павознік мой, чалавек магутнага фізічнага складу, выявіў сябе такім жа магутным баязліўцам. Адразу ж адшпіліў рэмень і сказаў, што яму трэба нечага затрымацца ў кустах.

Мой таварыш быў ненамнога смялей майго павозніка. Але затое павознік майго таварыша - ну, проста герой. Ён толькі запытаўся ў мяне:

- Ты не баішся?

Я адказаў шчыра:

- Нікога і нічога!

- Тады пойдзем так. Я, - кажа той павознік, - пайду першы, ты за мной, а наш друг, - кіўнуў ён на майго таварыша, - пойдзе за намі. - Тут жа ён адвязаў дарожныя сякеркі - ад свайго і ад майго воза.

Узялі мы з ім па сякерцы і памаленьку крануліся. Коні ідуць, брыдуць фактычна самі, мы толькі іх панукаем. У той жа час як мага ўглядаемся, што там наперадзе. І вось разгледзелі -чатыры цені. Стаяць з правага рогу, пры самым пачатку моста. А мы нібыта нічога не бачым, ідзём ды на коні:

- Но, косю, но! Хутка адпачываць будзеце... Но!

І вось, калі заставалася метры са два да тых зданяў-ценяў, мой папярэдні кідаецца ў атаку, не чакаючы нападу. Я за ім. З усяго маху ён б'е аднаго ў бок, скідвае з грэблі. Я такім жа чынам збіў другога, і ён пакаціўся з дзесяціметровай вышыні. Трэці, мабыць, ад нечаканкі паслізнуўся сам, пакаціўся за імі. А чацвёрты толькі гойкнуў:

- Іх тут многа, праклятых! - выскачыў на мост і пабег па мосце, толькі насціл гудзе. Тым часам коні нашы, не спыняючыся, узышлі на мост самі, колы загрымелі па дрэве. Тут жа з'явіўся мой павознік. Замацаваўшы свой рэмень на поясе, ён адразу пачаў пытацца:

- Ну, дзе яны? Дайце мне іх у рукі!

Мімаволі мы ўсе, у такім страху, пачалі рагатаць. У начной цішы гэты рогат, пэўна, быў таксама, як зброя. Уцякаючы, злачынцы чулі, безумоўна, яго і, не ведаючы нашых магчымасцяў, ды яшчэ пачуўшы громападобны кліч: «Дайце мне іх у рукі!» - напэўна, паддалі пэнду.

А ў нас - новая задача: што рабіць далей? Мой павознік і мой таварыш прапануюць тут спыніцца і чакаць світання. Павознік майго таварыша і я прапануем неадкладна ехаць далей. Гэты сапраўдны герой тлумачыць:

- Мы іх, тых людзей, раздражнілі, паскідалі ў балота. Яны пойдуць, прывядуць падмогу і падавяць нас у гэтай глушы...

Паслухаўшы ўсю такую размову, я падаў прапазіцыю: свае рэчы перакладваю на другі воз, а яны няхай застаюцца тут да раніцы ці да палудня - як хочуць. «Смельчакі» не згадзіліся, і мы неадкладна паехалі далей. Прыехалі памаленьку ў марыйскую сталіцу. Вельмі ўсцешыліся, калі з-за павароту зазіхацелі яе агні і нашы коні пайшлі па брукаваных вуліцах...


Загрузка...