Бабуліна фісгармонія

Наш настаўнік даў тэму для сачынення - «Мае самыя дарагія ўспаміны».

Зусім нядаўна мы, трыццаць шэсць юнакоў, вытрымалі сапраўдны бой - уступныя экзамены ў настаўніцкую семінарыю. Бой быў цяжкі: на кожнае месца чатыры кандыдаты. Цяпер гордыя сваёй перамогай, мы павінны пацвердзіць зноў, што настаўнікі не памыліліся, прыняўшы менавіта нас, што мы можам складна і прыгожа выказваць свае думкі, самыя задушэўныя.

Трыццаць шэсць хлопцаў, трыццаць шэсць розных беларускіх куточкаў, розных вёсак, краявідаў! Ды такая тэма! Тут не можа быць, каб хто і хацеў, ніякага падабенства.

Так яно і сталася. Напісалі ўсе па-рознаму. Хто - пра бацькоў, хто - пра першае знаёмства з горадам, пра любімую кнігу, пра шчырых сяброў. Адзін наш хлопец, Міхась, родам з Навагрудчыны, напісаў пра музыку, якую слухаў у бабулінай хаце.

Расказаў ён пра бабуліну сядзібу, цудоўны сад, бэзавыя альтанкі, салаўіныя спевы, сардэчнасць старэнькай бабулі. А больш за ўсё і прыгажэй за ўсё пра тое, як стройна, дзівосна іграла яна на фісгармоніі розныя песні і розныя музычныя творы выдатных кампазітараў. У свае дзявочыя гады была тая бабуля пакаёўкай у багатай пані і навучылася іграць тады, калі вучылі паненку. Паненка не мела ніякай здольнасці да музыкі, а ў пакаёўкі такая здольнасць была ды яшчэ - выдатны музычны слых. Настаўнік перадаў ёй за кароткі час тое, чаго ніяк не мог перадаць паненцы...

Калі пакаёўка выходзіла замуж, старая пані, расчуліўшыся з такой падзеі, запыталася:

- Які ж бы ты хацела атрымаць ад мяне падарунак на вяселле?

Яна думала, што маладая папросіць грошай або карову, але пачула нечаканае:

- Панечка! Фісгармонію!

Дужа здзівілася пані: якраз тады пачалі з'яўляцца піяніна і раялі, а фісгармоніі выходзілі з моды. Так і паехала фісгармонія ў сялянскую хату. Так і дажыла да бабуліных старых гадоў. Навучылася, праўда, іграць на ёй і Міхасёва матка, але бабуля трымала інструмент пакуль што ў сябе. Дзіва што: дочкі замуж павыляталі, дык хоць музыка ў хаце засталася, дапаможа смутак калі развеяць... Вось і іграла бабуля сваім унучкам і ўнукам, калі тыя прыходзілі ў госці, жывучы ў блізкіх вёсках.

Напісаў Міхась сваё сачыненне так складна, так прыгожа, што настаўнік сам прачытаў яго перад усім класам. Гэта была большая ўзнагарода, чымсьці пастаўленая чырвоным атрамантам пяцёрка.

У Міхася на твары была сціплая радасць. Здавалася, што ён сваімі думкамі лунае там, на Навагрудчыне, у бэзавым садзе, слухае пявучыя акорды. Ды і многія з нас у сваім уяўленні бачылі так добра і выразна намаляваны Міхасём утульны куточак!

І вось на перапынку падаў свой голас наш аднакласнік Цыпрук, якому паставілі тройку.

- Гэй ты, бабуліна фісгармонія! А я паставіў бы табе тройку, а не пяцёрку. Падумаеш! Музыкай бабуля займаецца! Мая бабуля дапамагае бацьку кілбасы рабіць на продаж, машыну круціць. Гэта больш каштоўная музыка!..

Міхась ад такой нечаканкі зніякавеў. У яго задрыжалі вусны. Здавалася, што з ягоных вачэй зараз пырснуць слёзы. Мы таксама збянтэжыліся. І стварылася ўражанне, што нібыта нехта заскочыў у садок, паламаў, патаптаў бэзавыя кусты, кветкі, распудзіў салаўёў, а пасля кіем ударыў па струнах, і яны пачалі не спяваць, а рыдаць, надрыўна галасіць.

Ад таго часу Цыпрук і некаторыя іншыя хлопцы ніколі не называлі Міхася інакш, як толькі «бабуліна фісгармонія». А хлопец быў такі сціплы, што нават адгукаўся на мянушку...

Нядаўна сустрэў я таго Цыпрука зноў. Пражыўшы жыццё, ён ніколькі не змяніўся. Узяўшы мяне за гузік, пачаў:

- Ты разумееш: паэт у сваім вершы кажа, што яго расчуліў пах свежага, толькі што спечанага духмянага хлеба. Ці варта псаваць паперу такой гастранамічнай пісанінай?!

- Слухай, Цыпрук! - адказаў я, далікатна вызваліўшы свой гузік. - Прызнайся шчыра: табе малому мядзведзь вуха адтаптаў? У маладыя гады ты быў супраць музыкі, цяпер ты супраць паэзіі. Ды які ж ты тонкі крытык, проста дзіва!


Загрузка...