Аднойчы ў дзень адпачынку надумаліся мы невялічкай кампаніяй, - чалавек дзесяць, - схадзіць у тайгу пазбіраць суніц. Пабралі мы посуд сярэдняй ёмістасці і пайшлі. А год быў ягадны. Усялякіх ягад багата-багата, толькі не лянуйся - збірай. Прайшлі мы тайгой, можа, кіламетр які, трымаемся, каб не заблудзіцца, берага ракі. А паўз бераг, нібыта нейкае сухадольнае рэчышча, так і цягнецца паляна за палянай. Прыйшлі мы на першую паляну. І вялікая яна, і прыгожая. Трава на ёй - някошаная, там яе мала дзе косяць. Ягад на гэтай паляне поўна. Мы, як тая казачная каза: «Бегла праз масточак, хапіла кляновы лісточак», - па жменьцы-другой ягад сабралі ды давай на другую паляну, там, праз невялічкі ўзлесачак, бачым - ягад яшчэ больш. Тым часам адзін з нашай кампаніі сказаў:
- Я далей не пайду, нешта ў мяне ногі баляць. Пазбіраю тут і тут жа буду вас чакаць.
А мы - далей. Прыйшлі на трэцюю паляну - зноў па жмені ці па дзве набралі, аж праз невялічкі ўзлесачак - яшчэ паляна. Ягад на ёй, як насыпана... Мы - туды... Вось так ішлі з паляны на паляну, вось так нас вабіла чарговая... Колькі мы іх прайшлі - не злічыць нават. Урэшце сонца павярнула на захад. Трэба нам назад таксама паварочваць. Зноў праходзім цераз тыя прыгожыя паляны, зноў «хапаем кляновыя лісточкі» - па жменьцы суніц. Цяпер больш хуткім крокам выходзім на тую самую першую паляну, ад яе зусім блізенька і нашае жытло. Шукаем свайго сябра, якога пакінулі на гэтай паляне, а ён, вочы галінкай бярозавай накрыўшы, спіць сабе. Побач стаіць посуд яго - пад самую дужку поўны суніц. Глянулі мы на свае судзінкі, якія ледзь запоўнілі да палавінкі, глянулі на свае ногі, з якіх аж дым ідзе ад пераўтомы і ціхенька заўздыхалі: «За дурной галавой і нагам неспакой...»
Чыстая праўда!