Каму гульня, а мне - навука...

Я ўжо казаў, што ў часе першай імперыялістычнай вайны нашую настаўніцкую семінарыю эвакуіравалі ў горад Невель, за Полацк. Там жа сабралася яшчэ некалькі сярэдніх школ - з Вільні, з іншых заходніх гарадоў. Стаялі вайсковыя часці - артылерысты, сапёры. Невялічкі гарадок быў перапоўнены. Мы, вучні, размяшчаліся на прыватных кватэрах, уперамежку з вайскоўцамі. Хоць дырэктар і класныя настаўнікі хадзілі даволі часта па кватэрах, але некаторыя хлопцы заняліся рознай непатрэбшчынай, асабліва - карцёжнымі справамі. Гулялі на грошы, галоўным чынам, на гарышчах сваіх дамоў. Я да такіх кампаній не далучаўся. Падрыхтаваўшы свае ўрокі на заўтрашні дзень, звычайна садзіўся чытаць якую-небудзь белетрыстычную кніжку. Мяне, уласна кажучы, не цягнула зусім да карцёжнай гульні. Нават брыдка было глядзець на гэтыя замусоленыя сотнямі рук, брудныя кавалкі каляровага кардону.

Аднойчы здарылася так, што нам выдалі стыпендыю ды мой старэйшы брат прыслаў мне дапамогу - рублёў дваццаць пяць. Разам у мяне сабраўся цэлы капітал. Заплаціў я нават гаспадыні наперад за месяц, ліквідаваў якія дробныя даўгі і падрахоўваў, што мне можна купіць з адзежы ці з абутку. У той самы час нашы карцёжнікі рабілі другі падрахунак: як абдурыць мяне і забраць ад мяне ўсе мае грошы.

І вось, калі я сядзеў у сваім пакоі над кнігамі, да мяне з'явіўся дэлегат ад гарышча і пачаў угаворваць прыняць удзел у карцёжнай гульні.

- Эх, Уладзік, Уладзік! Усё ты з кнігамі... Так і закіснуць можна, гарбатым якім зрабіцца... Пойдзем да хлопцаў. Там такая гульня, такія грошы... Па дваццаць рублёў у банку бывае... А ты нічога і не ведаеш тут... Пойдзем!

Адчувалася, што не адчэпішся ні крыжом, ні таўкачом. Я згадзіўся.

- Ну што ж! Дзякую за запрашэнне. Пойдзем.

Мой сябар, не чуючы ног пад сабой, - на панадворак, пасля па драбіне - на гарышча. Я следам за ім. А там сапраўды гульня ў поўным разгары. Банкамёт, наш хлопец, адразу мне карту ў рукі. Глянуў я з-пад далоні - туз! Сусед шэпча:

- У банку дзесяць рублёў. Ты на ўсе, ці я на палову прыстану?

- Не, - адказваю я, - не трэба, я адзін пайду.

Банкамёт задаволена ўсміхаецца.

- Дык на колькі ты ідзеш, - пытаецца.

Пачакаўшы хвіліну, нібыта радзячыся сам з сабою, я адказаў:

- Дайце мне на пятачок...

- А як гэта разумець, - удакладняе банкамёт, - на пяць рублёў, значыцца?

- Ды не, - адказваю я, - на пяць капеек.

Тады, нават не заўважыў я, хто, - вырвалі ў мяне туза з рук, зграблі мяне ў ахапак ды як турнулі з гарышча па драбіне далоў, ледзьве я галаву не скруціў.

Так пачалася, так і скончылася мая гульня ў карты. Больш мяне ў такія гульні ні разу не запрашалі, а я тым больш не прасіўся...


Загрузка...