Стаў я на тралёўку. Трэба было траляваць - вывозіць на конях - бярвенне з тайгі, з сопак і падвозіць яго да вялізнага тартака, дзе гэтае бярвенне паступова распілоўвалася на дошкі, цёс, брусы, на чыгуначныя шпалы.
Раніцой мне стары дзядуля, сібірак, загадчык коннага двара, кажа:
- Табе конь прызначаны. Зваць яго Ветрык. Толькі быў ён у дзікунскіх руках - дужа заняпаў.
Падышоў я да Ветрыка, зірнуў - конь цёмна-шэры, у яблыках, але, відаць, біты-перабіты, худы-худы. Па ўсёй скуры, на баках, - рубцы, пісягі, дакрануцца нельга. Ён, відаць, так спаняверыўся ва ўсіх людзях, што, як толькі да яго руку працягнеш - на сцяну лезе.
- Ой, дзядуля, дзядуля! - кажу я загадчыку. - Ну што ж мне рабіць з такім канём? Я ж нічога не зараблю на ім. Хоць бы яму катэгорыю на месяц-два зменшылі...
- Не згаджаецца ветэрынар. Кажа, што ўнутры ён зусім здаровы...
Ну і ўсё. Гутарка скончана. Падыходжу браць каня - з рук вырываецца, упіраецца, на калені становіцца, а ў вачах такая жуда, такі жах, што, здаецца, зараз гвалт закрычыць, пачне лямантаваць. Я яго пагладзіў, пацерабіў каля вушэй, кажу:
- Ветрык! Ветрык! Не бойся мяне, я цябе біць не буду. Пойдзем памаленьку.
Ледзь-ледзь выцягнуў са станні да саней. Запрагаю, накладаю збрую, а ён дрыжыць, як ад трасцы якой. Узяў я сена ахапак, паклаў на калодку. Думаю, пакуль буду грузіць, ён хоць сена з'есць. Паехаў.
Таварышы даўно ў тайзе, а я толькі еду.
Прыехаў на самую бліжнюю дзялянку. Ветрыку сена ахапачак на пень, а сам давай бярвенне да саней на сабе падцягваць. Увязаў ланцугом. Пагладзіў Ветрыка, пагаварыў з ім. Адно ўгінаецца ад мяне, дрыжыць. Паехалі. На разгрузцы зноў - яму сена пад самы нос. Пакуль запісалі, скацілі - ён сена ўсё і даеў.
Так мы з ім і пачалі працаваць, з Ветрыкам. Праходзяць два тыдні. Ён ужо зусім перастаў мяне баяцца. Нават іржаць пачаў, калі я да яго раніцай прыходзіў. Авёс свой пачаў з'ядаць увесь. Сена еў, колькі хацеў, бо я без сена ні разу ў тайгу з ім не е'здзіў. І пачаў мой Ветрык станавіцца сапраўдным Ветрам. Павазіў я на ім малыя вазы - стаў вазіць большыя. Заработкі мае павялічыліся. Раны-пісягі на ягоных баках зніклі. Хоць пры абозе былі адмысловыя людзі, якія павіныы былі чысціць коней, але і сам я, узяўшы шчотку, разоў колькі чысціў яго. Ён адно галаву з боку на бок паварочваў, на сцяну больш не скакаў. Дзіва што! За колькі часу я яго літаральна пальцам не пастрашыў. Едзем, бывае - спыніцца з возам, я пагладжу яго, пачакаю, дам перадыхнуць. Глядзіш - пайшоў далей, як лепш і не трэба.
І прайшлі так аж чатыры месяцы. Дваццаць чалавек хадзіла за мной следам:
- Дай мне, дай мне Ветрыка. Ты ўжо наездзіўся з ім...
Я толькі пасміхаўся ў адказ.
Бывала, едзем у тайгу, дык ён сам, без майго панукання, вылятае на абочыну, віхрам абганяе легцавыя сані ды зноў на дарогу і пайшоў...
А які ж ён ласкавы стаў! Падыду блізка - галаву паверне ды губамі мяне за вуха зловіць або пачне лёгенька іржаць. Вось як ён да мяне звык, як уразумеў, што я сябар яму, а не звер люты, не вораг які.
Парашылі вызваліць Ветрыка ад цяжкой работы, каб зноў ён цешыў людскія вочы, каб іншыя пабачылі, як можна аднавіць хараство ласкай, сардэчнасцю.