Зімовыя браткі

У вайну некаторы час я працаваў эканамістам. Мае абавязкі былі - улік работы брыгад. А тут яшчэ трэба выходзіць на тэрміновыя пагрузкі вагонаў нашымі вырабамі, якія накіроўваліся на заводы. Адным словам, работы хапала ўсім і ўсялякай. Тым не менш, шмат хто знайшоў час і ўрабляў агародныя пляцоўкі. Меў такую пляцовачку і я. Расло ў мяне багата гародніны, большую палову яе з'ядалі сябры, якія, калі справа даходзіла капаць гарод, казалі:

- А навошта нам? Мы заўтра, можа, адсюль паедзем...

Аднак елі тую гародніну яны надзвычай ахвотна. Насеялі і насаджалі мы розных кветак, спаборнічалі адзін з адным, сусед з суседам. Перад уваходам у мае жытло была вялізная клумба, уся занятая браткамі, прычым самых розных колераў і барваў. Хоць даскокамі, але знаходзіў я час прапушыць зямлю пры іх, паліць. Раслі яны так, што лепш не можа быць. Нават людзі з дужа жорсткімі сэрцамі спыняліся ля клумбы і захапляліся ўголас...

І што было галоўнае: усе ўздыхалі аб тым, што вось прыйдзе зіма, маразы, і гэтае хараство загіне пад снегам...

Я падумаў, падумаў: што калі хоць частку кветак узяць на зіму ў памяшканне?

Пачаў я ажыццяўляць сваю задуму. Зрабіў вялікую скрыню, больш метра даўжынёй, сантыметраў сорак вышынёй і столькі ж ушыркі. У скрыню я насыпаў самай лепшай зямлі і перасадзіў з зямлёй жа даволі багата кветак. Некалькі дзён і начэй гэтая скрыня стаяла ля клумбы, а перад самымі маразамі я занёс яе ў сваё жытло, паставіў на вышыню двух метраў.

Усе ў адзін голас казалі:

- Нічога не будзе! Гэтыя кветкі ў памяшканні жыць не стануць.

А трэба дадаць яшчэ, што ў мяне ўсю ноч гарэла лямпа ў дзвесце ват. Печка, вялізная, чыгунная, палілася круглыя суткі, без перапынку.

Што дапамагло - не ведаю: ці святло ад лямпы, якая была на адлегласці аднаго метра ад кветак, ці цеплыня ад печы, ці добрая акуратная перасадка, але кветкі красавалі безупынна. Адны адцвіталі, другія пачыналі, зеляніна была цёмна-зялёная, здаровая.

Кожны вечар, прыходзячы з работы, мы падыходзілі да кветак і разглядвалі іх з добрай, прасветленай усмешкай. Можа, кожны згадваў тыя дні, якія красавалі для яго, як гэтыя прыгожыя, дзівосныя кветкі, калі на душы і сэрцы было спакойна і чыста. Хто ведае! Адны ўздыхалі, другія ўголас выказвалі сваё захапленне.

І дажылі кветкі, прыносячы асалоду ўсім, аж да канца сакавіка месяца.

Прыйшлося мне, у сваю чаргу, быць адказным дзяжурным на кухні. Працуючы там, я некалькі разоў хадзіў і падкладваў дровы ў сваю печ, каб трымалася цеплыня. Пад самую раніцу, гадзіны за паўтары да раздачы снедання, кухар папрасіўся ў мяне:

- Дазволь, я пайду пасплю гадзінку якую ў цябе!

Не хацелася мне пускаць яго.

- Ты мне кветкі памарозіш!

- Я буду дровы ў печ падкладваць, - дакляраваў кухар.

Што зробіш, прыйшлося дазволіць.

...Калі я пайшоў будзіць кухара, бачу, што з майго коміна не дым, а пара ідзе: апошняя цеплыня выходзіць. Пастукаў у дзверы. Адчыніў ён. Я першым чынам да кветак... Нахілілі галоўкі... Я да вядра з вадой, каб папырскаць іх - кубак у вядро не лезе, лёд ледзьве не ў палец таўшчынёй паверх вады... Падкладваў дровы кухар!

Так і загінулі мае кветкі...

Цяжка ўявіць, які гвалт быў увечары, калі людзі прыйшлі з работы!

Усю віну клалі на мяне:

- Навошта ты таго кухара пусціў...

Кожны шкадаваў аб сваім. А я - дык аб тым, што не стала каму вітаць мяне і ціхенька-ціхутка нагадваць мне песеньку, якую калісьці спявала маці... Гэта ж яны, мае кветкі, падавалі сваімі пялёстачкамі гукі ўцехі, надзеі, наступнай радасці і, з'яднаўшыся з галасамі кветак майго сэрца, стваралі такую чароўную мелодыю...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . .

А сам я і сёння згадаў пра вас, браткі, бо такія самыя, мілыя майму сэрцу сінявокія браткі я сустрэў у сябе ў Беларусі.

Загрузка...