І смех, і грэх...

Заўтра - Пятро, як дзяды нашы казалі. Нават і ў Сібіры настала лета. Мы пазаносілі на вышкі розныя накрыўкі, імі накрывалі лехі гурковыя, таматы ды наогул усю гародніну, якая не мае дружбы з замаразкамі. Але па старой звычцы кожны вечар, кладучыся спаць, я выходзіў на ганак і глядзеў, колькі градусаў на надворным тармометры.

Пайшоў і ў той вечар, адзінаццатага ліпеня. На тэрмометры было два з паловай градусы цяпла. Калі я сказаў пра гэта жонцы, яна не паверыла і дала раду:

- Пасвяці электрычным ліхтарыкам, трэба ведаць вельмі дакладна.

Пры электрычным святле - усё роўна два з паловай градусы. У маленстве я чытаў апавяданне аднаго фінскага пісьменніка, як стары, сівы і ў дадатак сляпы дзядуля выйшаў раніцай на панадворак, памацаў рукой зямлю і пасля гэтага закрычаў у роспачы: «Дзеткі, уставайце! Уся наша праца загінула!». Каб пасля бяды не галасіць дарэмна, не мацаць раніцай прымарожаную гародніну, мая гаспадыня дала параду:

- Пастаў будзільнік на першую гадзіну ночы. Тады пабачым. Калі знізіцца яшчэ, пойдзем накрываць.

Зрабіўшы так, я паскідваў, на ўсякі выпадак, усе накрыўкі з вышак, сабраў у адно месца старыя газеты і пасля таго заснуў. Неўзабаве зазваніў гадзіннік. Я да градусніка: паўтара градуса марозу. Значыцца, перад світаннем будуць усе шэсць. Не бавячы часу, мы заняліся ратаваць сваю працу. У нас была яшчэ аўчарка, дык яна, паддаўшыся нашаму настрою, больш паловы накрывак перацягала ў гарод. Накрываць мы накрываем, а нашы суседзі спяць, нічога не чуюць. Падбег я да аднаго акна, стукнуў:

- Мароз, накрывайце гародніну.

Маладая гаспадыня выскачыла босая, аж гвалт закрычала:

- Зімна! - Пабегла яна, абулася ды за працу.

Падышоў я да другое хаты, стукнуў таварышу, з якім разам у майстэрні адной працавалі:

- Пятро! Мароз! Мы гарод накрываем!

А ён мне адказвае:

- Сусед дарагі! Заўтра мае імяніны, ніякіх маразоў не павінна быць. А што вы накрываеце - накрывайце, у вар'яцкім доме яшчэ весялейшыя фокусы бываюць...

Падзякаваў я за такі прыгожы камплімент ды зноў на свой гарод. Панакрывалі мы ўсё, нават фасоль і тую газетамі пазасцілалі. Апрача таго, поўныя бочкі, якія для паліву стаялі, вадой дапоўніў. Глянулі на градуснік - шэсць градусаў марозу.

Раніцай, як толькі сонейка ўзышло, паднялося, пайшлі мы ўсе накрыўкі скідаць ды гародніну вадой з палівачак паліваць. У нас - не змерзла ніводнага каліва, а ў беднага імянінніка нават бульбоўнік увесь счарнеў.

Днём у майстэрні смеху было немаведама колькі. А гэты самы Пятро мне прэтэнзію даў:

- Чаму вы мяне не ўгаварылі? Я тады, можа б, устаў і таксама пазакрываў сваю гародніну.


Загрузка...