Пільная варта

Дзве невялікія таежныя рэчкі - Тара і Чайгашэт, - не даходзячы да ракі Бірусы, злучаліся ў адзін паток і тады ўжо ўліваліся ў вялікую раку. Паміж імі, перад такою злукай, ляжала вялікая паляна, нібы востраў. Калісьці тут была тайга, але пасля па суседству з паселішчам лес высеклі, пакінуўшы толькі хмызняк ды валежыны. Пнёў засталося вялікае мноства. І вось на гэтым месцы, на гэтай паляне або востраве, - называйце як хочаце, - аблюбаваў я са сваёй жонкай месца для пабудовы жытла. Паколькі праз Тару моста не было, усе будаўнічыя матэрыялы павінны былі падвезці зімой, па саннай дарозе. Летам - трэба было пераносіць на сабе.

Праз гады два мы раскарчавалі, расчысцілі пляцы і іна той захламленай, дзікай пляцоўцы стаў дзівосны аазіс. Колькі старых валежын папалілі, колькі пнёў выкапалі! На адной нашай сядзібе мы з жонкаю выкарчавалі больш сотні пнёў. Ідучы на пакосы каля нашых сядзіб, старыя сібіракі спыняліся і толькі глядзелі, як на якую выстаўку.

Пачалі новыя жыхары жыць ды радавацца. Усё расце добра, паветра чыстае, вада ў разводдзе не даходзіць, падпамосце не залівае. Дык чаго ж яшчэ трэба? Нават машкі і той бадай няма тут, бо ветрык з усіх бакоў наша ўзвышша прадувае, а яна, машкара ўсялякая, чыстага ветру і баіцца. Але адна бяда: на ўсіх гародах у нашых навасёлаў так жа, як і ў асноўным, старым паселішчы, вялікая, незлічоная колькасць розных агародных шкоднікаў. У некаторых столькі вусеняў, што выходзяць сем'ямі, збіраюць рукамі, пасыпаюць гексахларанам ды ўсякай іншай атрутай. Пытаюцца суседзі:

- А як у вас?

Мы адказваем, што ў нас няма ніякіх чарвякоў. Суседзі гавораць:

- Вы, мабыць, нешта робіце. Навучыце нас.

Мы гаворым, што рабіць нічога не робім, нічым не пасыпаем, апрача толькі як попелам чыстым, калі земляных блох заўважаем... Не вераць нам ды ўсё. А быў на нашай сядзібе адзін кавалачак недакарчаваны. Не паспеў я прайсці яго, бо хварэў. Балела рука, ледзь выратаваў яе. Расла на гэтым кавалачку трава нейкая, накшталт свінаркі. Дужа паскудная трава. Нават сякера яе не брала. Прыходзілася заварочваць з карэннем і здзіраць, як аўчыну. Так і казалі людзі пра сваю работу: «Кажухі драў».

Раслі ў тым куточку дзве-тры ялінкі, пара кусточкаў бружмелю. Адным словам - тое-сёе. І стаяў тут невялікі мурашнік. Цяпер кожны школьнік маленькі ведае пра тое, якую надзвычайна вялікую карысць прыносяць мурашкі. А тады - я меў пра іх агульнае ўяўленне, такіх цудоўных твораў, як кнігі І.А.Халіфмана, у вочы не бачыў, а каб чытаць - дык зусім не. Жывуць мурашкі, бегаюць скрозь па нашым агародзе. Адзін раз нават жонка крыху занепакоілася, паклікала мяне:

- Ідзі, глянь, нешта дужа па гурках разбегаліся мурашкі.

Падышоў я, пастаяў з паўгадзіны - бегаюць, нешта шукаюць, але гуркоў тых зусім не кранаюць. А побач - капуста наша. Пры мне сеў матылёк-капуснік і паклаў, напэўна, блізу паўсотні яечак, калі не ўсю сотню. Такія, як макавыя зярняткі, толькі жоўтага колеру. Глядзім мы з жонкаю на гэту лісціну ды разважаем:

- Дзе ж ты пераможаш тых чарвей! Праз некалькі дзён з яечак з'явіцца сотня вусеняў. А гэты матылёк, пэўна, яшчэ не адзін паклад зробіць.

Пакуль мы так з ёй разважалі, на лісціну ўзбягаюць мурашкі, ды чарадой. Ну нібыта ім нехта тэлеграму адбіў: «Гайда сюды, яечкі падрыхтаваны!» Праходзяць мурашкі адна за адной і яечкі забіраюць, забіраюць. Не прайшло і пяці хвілін - ніводнага не засталося.

- Век жыві, век вучыся, - кажа жонка. - Ну адкуль жа ў нас могуць быць на агародзе чэрві, калі самыя яечкі мурашкі адразу забіраюць!

Мы яшчэ падумалі тады, што для мурашкі матыльковае яечка куды большае, прапарцыянальна росту, чым для нас курынае.

Так мы і жылі без клопату колькі гадоў, да самага свайго ад'езду, не ведаючы ніякага гексахларану, маючы такіх выдатных памочнікаў і вартаўнікоў на сваім гародзе.

Сказалі мы суседзям пра свае нагляданні, парадзілі і ім завесці мурашнікі на гародах.


Загрузка...