Галка з гадзіннікам

У 1947-1949 гадах жыў я ў Мінгрэліі, на Каўказе. У нашым паселішчы жыла адна сям'я. Бацька працаваў агратэхнікам на чайных плантацыях, маці - настаўніцай у сярэдняй школе. Было ў іх двое дзяцей, хлопчык і дзяўчынка. Вучыліся яны ў ў той жа школе, дзе працавала маці. Дзеці гэтыя былі добрыя, сардэчныя. Праўду кажучы, дрэнных дзяцей мы там і не сустракалі наогул. Але гэтыя - былі лепшыя з лепшых. Неяк аднойчы знайшлі яны маленькую галачку, якая вывалілася з гнязда. Пашкадавалі яны, каб гэтую галачку сабакі ці каты не з'елі. Узялі ды аднеслі ў сваю кватэру. Там брат і сястра даглядалі галачку, кармілі яе, размаўлялі з ёй штодня... Галачка падрасла, стала спраўнай птушачкай. Пачала лётаць. Адлятаючы на платаны да сваіх родзічаў, яна зноў вярталася да дзяцей. Калі дзеці ішлі ў школу, галачка «ехала» на плячы ў хлопчыка або ў дзяўчынкі. На вялікай перамене школьнікі прабавалі карміць яе, але яна брала ежу толькі ад сваіх гаспадароў. Калі сама яна наядалася, тады брала ежу ў дзюбку і адносіла другім галкам, якія сядзелі на бліжніх дрэвах і ўважна сачылі за ўсімі падзеямі на школьным дварышчы.

Разам са сваімі юнымі сябрамі галачка ад школы вярталася на кватэру.

У суседнім доме жыла сям'я рабочых чайнага саўгаса. Прыехалі яны на заробак з Варонежчыны. У гэтай сям'і было таксама двое дзяцей, але дарослых: хлопец і дзяўчына. Усе яіны працавалі на чайных плантацыях, толькі хлопец крыху гультаяваты быў. Сястра зарабляла добра і, між іншым, купіла сабе залаты гадзіннік. Яна насіла яго на руцэ толькі ў святочныя дні. Вось і ў той дзень, у нядзелю, яна дастала з куфэрка свой каштоўны гадзіннік, паклала яго на тумбачку, а сама пайшла на панадворак мыцца. Памыўшыся, прыходзіць у пакой, зірнула - гадзінніка няма. Ніхто з вуліцы ў пакой не ўваходзіў. У пакоі быў адзін брат, які спаў на сваім ложку.

Сястра раскатурхала яго і запатрабавала, каб ён аддаў ёй гадзіннік. Той адказвае, што ён ніякага гадзінніка і ў сне не бачыў.

Прыйшлі ў хату бацькі, узяліся сароміць хлопца. Адным словам, пачаўся вялікі скандал.

Тым часам на вуліцы пад платанамі гулялі дзеці. Раптам яны заўважылі, што на адным платане сядзіць галачка і трымае ў дзюбіку гадзіннік. Гэта іх, зразумела, зацікавіла і яны пачалі выгукваць:

- Галка з гадзіннікам!

- Галка з гадзіннікам!

Пачулі пра тое ў хаце, дзе ішла вялікая сварка. Выбеглі ўсёй сям'ёй на вуліцу. Бачаць - сапраўды галка трымае дзяўчынін гадзіннік.

- Трэба хутчэй паклікаць галчыных гаспадароў!

Як толькі тыя прыйшлі, галачка адразу зляцела з дрэва на дзяўчынчына плячо, а дзяўчынка і забрала ад яе гадзіннік...

А як галачка ўзяла чужы гадзіннік? Вельмі проста: яна пабачыла адчыненую фортачку. Пырхнула ў хату - а там на тумбачцы нешта бліскучае, прыгожае. Яна - за браслецік ды на дрэва.


Загрузка...