Ідучы з сякерай лесам, дзядуля заўважыў, што нешта каляровае каля дупла мільганула. Падышоўшы бліжэй, ён, не перакладаючы сякеры з правай рукі ў левую, засунуў у дупло менавіта левую руку.
Чуе, што нехта або нешта нібыта абцугамі сціснула яму сярэдні палец і пачало грызці. Напалохаўшыся, ён борзда пацягнуў руку к сабе, з дупла. За рукой пацягнулася і вялікая птушка, у якой, толькі крыху пачакаўшы, ён распазнаў жаўну. А спярша яна здалася яму нейкім пачварным, пякельным стварэннем. Дзядуля пачаў трэсці рукой, каб птушка выпусціла ягоны палец. А яна - ніяк. Мабыць, са страху і сама не можа разявіць дзюбу. Не падумаўшы, што ён робіць, дзед падбег да пня ды сякерай і даў па птушынай дзюбе. Адсек палову дзюбіка, а разам з ім і канец свайго сярэдняга пальца.
Пра гэта ён нам ніколі не расказваў. Але аднойчы ішлі мы разам з ім лесам і адзін з нас палез рукой у дупло, каб праверыць, што там ёсць. Тады дзядуля і паказаў нам левую руку:
- Бачыце? Быў такі цікаўны, як вы цяпер. Вось і палец пакалечыў. Не раіў бы і вам без дай прычыны лезці са сваёй рукой туды, куды вас не просяць...
Зразумела, розныя бываюць дуплы, і не ў кожным абавязкова сядзіць жаўна. Здараецца, што і на змяю натрапіш...