Цягніковая насценная газета

А было гэта ў жніўні месяцы 1947 года. Пражыўшы багата часу на Далёкім Усходзе, ехаў я ў Маскву. Крыху адвык ад вялікіх гарадоў, людскіх патокаў, нават ад цягніковага стукату і лязгання. Добра яшчэ, што ў маім вагоне ехала фактычна адна кампанія: брыгада з нейкага завода з горада Камсамольска. Ехалі яны прымаць для саўгаса пры сваім заводзе статак кароў у горадзе Ачынску. У іх былі больш-менш аднолькавыя інтарэсы, размовы вяліся таксама нейкія хатнія. Часам гулялі яны ў карты, у даміно, у шашкі. А галоўнымі ў іх былі два чалавекі: цэхавы парторг і цэхавы прафорг. Гэтыя таксама час ад часу гулялі ў шахматы. І вось аднойчы, праехаўшы ўжо Аблучча, заходзіць у наш вагон начальнік цягніка. Прайшоў ён праз вагон адзін раз, уважна азіраючы ўсіх і ўсё. Пачакаўшы, ідзе праз вагон другі раз, так жа ўважна аглядаючы і людзей і рэчы. Пасля спыняецца каля прафорга заводскай брыгады і просіць яго:

- Даруйце! Дужа прашу вас, каб вы зайшлі да мяне ў службовы, нумар дзевяць, вагон. Маю да вас просьбу.

Пасля таго падыходзіць да мяне і просіць літаральна аб тым жа. Праўду кажучы, мяне гэтая просьба здзівіла, бо ніякіх спраў з адміністрацыяй цягніка ў мяне не было і быць не магло. На ўсялякі выпадак я запытаўся ў прафорга:

- А што яму трэба? Чаго ён нас выклікае? Можа, вы якія справы з ім мелі?

- Ніякіх спраў з ім не меў. Дагуляю партыю, сходзім і даведаемся...

Праз некалькі хвілін мы пайшлі ў той дзевяты вагон. Адшукалі таго начальніка. Ён замітусіўся крыху, выяўляючы ветлівасць і гасціннасць. Запрасіў нас сесці.

Без далёкага адкладу пачынае размову з намі.

- Дарагія таварышы! Праз два дні Ўсесаюзнае свята, Дзень чыгуначніка. Нам трэба абавязкова выпусціць цягніковую насценную газету. А вы ведаеце, якія мы пісьменнікі, якія мы мастакі. Тое-сёе панапісвалі, дзе што нават намалявалі, але з нашай пісанінай у звычайны дзень можна выткнуцца, а ў такое свята і думаць няма чаго. Вось мы і просім вас, каб вы нам дапамаглі...

Я на ўсякі выпадак запытаўся:

- Ці добра ж так будзе? Газета цягніковая, а мы будзем удзельнічаць у яе стварэнні?

Але начальнік не разгубіўся:

- У гэты момант вы паўнамоцныя члены нашага калектыву. Вы такія ж самыя стваральнікі газеты, як і мы...

Я тады задаю яшчэ пытанне:

- А чаму вы звярнуліся менавіта да нас? У цягніку ж поўна людзей, пэўна, не менш тысячы?

- Блізу таго, - адказвае начальнік. - Я прайшоў увесь цягнік ад галавы да хваста, ды не аднойчы, а двойчы. Каторыя пасажыры ядуць, каторыя ў карты гуляюць, каторыя не пацікавяцца падобнымі справамі ў сваёй арганізацыі, а не тое, каб на цягніку...

- Гэта так! - сказаў я і запытаўся ў прафорга, што ён можа рабіць.

- Я добра малюю, - адказаў той.

- У такім разе я паспрабую што-небудзь напісаць, - кажу я.

Адным словам, забралі мы ў начальніка паперу, нататкі, фарбы і пайшлі ў свой вагон, каб пачаць ствараць газету.

Мой напарнік сапраўды маляваў цудоўна. Карыстаючыся вольным часам, чаго ён не мог бы ніколі мець дома, ён даў такія малюнкі, не кажучы пра загалоўкі, што іх бы не сорамна было даць у любы друкаваны часопіс.

Пастараўся і я. Аформіўшы і адрэдагаваўшы празаічны матэрыял, багата нататак я перадаў вершаванымі радкамі: па два, самае вялікае - па чатыры радкі.

Першыя чытачы і крытыкі былі рабочыя таго камсамольскага завода. Яны аднагалосна ўхвалілі нашу работу і павіншавалі нас з такім вынікам. Паклікалі начальніка. Ён, як кажуць у такіх выпадках, аслупянеў: некалькі хвілін моўчкі разглядаў газету, пасля чаго запытаўся:

- Гэта для нас? Няўжо такі праўда, што гэта для нас?

- Якія могуць быць жарты! Вось жа і партрэты вашых работнікаў!..

- Ну, усё! Гэта газета паедзе ў Маскву!

- Хіба для яе месца не хопіць у Іркуцку?

- Ды не ў тым справа... Яе возьмуць на Ўсесаюзную выстаўку насценных газет...

- Як сабе хочаце, мы сваю справу зрабілі.

На бліжэйшай станцыі начальнік цягніка вывесіў газету на знадворны бок свайго вагона і, пакуль мянялі лакаматыў, пасажыры і цягніковая абслуга чыталі і разглядалі яе, даючы добрыя водгукі. Гэта ўсё натхніла начальніка на такую прапазіцыю:

- Пераходзьце да мяне ў дзевяты вагон! Я вам даю на двух мяккае купэ.

Во ганарар зарабілі! Ледзьве-ледзьве мы ўтлумачылі, што для нас ганарар - добрыя водгукі, што знаходжанне ў сваім калектыве, - а тыя брыгаднікі пачалі лічыць і нас членамі свае брыгады, - і ёсць узнагарода.

Развіталіся мы з ім вельмі добра ў Іркуцку... Там у мяне была перасадка на новы цягнік.


Загрузка...