Капа пернікаў за тры капейкі

Каля нашае царквы быў фэст. Наз'язджаліся людзі з усяго свету, як у нас казалі. А свет гэты ўвесь меў у радыусе дзесяць - дванаццаць вёрст. Дзяўчаты і хлопцы хадзілі праз плошчу прыбраныя ў святочныя строі. З бліжніх мястэчак папрыязджалі бойкія мяшчанкі з пернікамі і мучнымі цукеркамі. Моладзі хапала і ля гэтых вазоў, бо тут ішла латарэя, цягнулі нумаркі. Аддаўшы тры капейкі, можна было выцягнуць шчаслівы нумарок на капу пернікаў адразу, а іншым разам і нічога не выцягнуць. Я пра такую механіку яшчэ ніколі не чуў. Мама дала мне тры капейкі, каб я схадзіў і купіў тры пернікі: сабе, сястры і брату. Калі я падышоў да воза і паказаў менавіта тры капейкі, шастак, як у нас тады казалі, дарослыя хлопцы надумаліся пажартаваць з мяне, малога.

- Што табе тры пернікі! Кідай свой шастак і цягні нумарок! Адразу ўвесь воз будзе твой.

Я так і зрабіў: укінуў грошы, пацягнуў нумарок.

І што б вы думалі: выцягнуў шчаслівы нумар, сапраўды капу пернікаў.

Хлопцы аж пазайздросцілі.

- Ты падумай, колькі шастакоў пракідаў - нічога няма. А гэты малы - з аднаго разу ўвесь кон і забраў...

Але што рабіць далей? Я ж не данясу дамоў такі выйгрыш. Тыя ж хлопцы знялі з мяне кашульку, спакавалі ў яе пернікі і памаглі дадому паднесці.

Маці мая напужалася. Падумала, што я абрабаваў тую гандлярку.

Павінен прызнацца, што гэта быў мой адзіны выйгрыш за ўсё жыццё. У далейшым я выйграваў толькі тое, што зарабляў сваёй уласнай працай, якая не заўсёды бывала лёгкая.


Загрузка...