Прышываны нос

Мянушкі ў нас давалі малым і старым дужа проста і хутка. Сказаў чалавек дзіўнае на вуха слова - яно і прыліпала да яго адразу. Якое цікавае здарэнне - зноў гатова мянушка. Так жа і мне, зусім малому, браты і суседскія хлопцы падкінулі падарунак - пачалі зваць Прышываным носам. А чаму? Праз нешчаслівы выпадак.

Маці павесіла на тапарышча сякеры мяшэчак з адагрэтым тварагом для сырка, а сама пайшла даваць скаціне есці. Сякера ляжала на лаве, на якой быў і я. Гуляючы, я дапоўз да сякеры і закрануў яе сваімі малымі рукамі. Сякера звалілася, а за ёй і я. Падаючы, яна сваім носам секанула па маім. Палілася кроў.

Ад такой нечаканкі і болю я пачаў моцна плакаць. Пачуўшы, маці прыбегла ў хату, схапіла мяне на рукі і адразу да мясцовага доктара - адзінага нашага медыцынскага працаўніка, былога вайсковага фельчара. На маё шчасце, жыў ён праз дарогу ад нас і быў якраз дома. Не думаючы доўга, ён адразу прышыў мой нос з адсечанага боку на месца.

Прышыў так удала, што, калі праз колькі дзён, даставаў нітку, выявілася, - толькі маленькі рубчык застаўся нібыта лішні. Фельчар і пажартаваў тады, як маці апавядала:

- Гэта дробязь! Калі хлопец у далейшым будзе жыць добра, сходзіць да сапраўдных дактароў, і яны адрэжуць лішняе. А не - і так пражыве.

Дык вось жа: ад таго часу і мянушка ў мяне з'явілася была на некалькі гадоў...


Загрузка...