Янук Біюцкі

Вёску, адкуль ён быў родам, звалі Біюці. Ягонае імя - Янук. Усе звалі яго - Янук Біюцкі. Ніводзін чалавек у вочы не назваў чалавека дрэнна. А за вочы казалі:

- Гэта ж тады Янук Дурны быў у нас.

Той Янук, як я пачаў яго памятаць, - сярэдняга росту, не старога веку, так гадоў пад сорак. Апрануты быў у тую вопратку, якую людзі давалі, у кожным разе - у чыстую кашулю, чыстыя белыя нагавіцы. З твару ён, я сказаў бы, нават прыгожы, але нейкі тузганы. Увесь час ягоны твар быў у руху, кожная зморшчынка нібы краталася, тузгалася. Але асабліва цікавыя ў яго былі рукі. Усе людзі звярталі ўвагу на гэтыя рукі. Гэта былі не сялянскія, а нейкія панскія рукі. Іншыя нават сцвярджалі, што ён бачыць гэтымі рукамі.

- Вы звярніце ўвагу, - казалі яны, як ён аглядае дрэва. Возьме два паленцы. Памацае адно, памацае другое. Адно адразу адкіне прэч. Другое пушчае ў работу: бярэ ножык, пачынае выразаць.

І сапраўды праходзіць невялікі час - на стол стаўляе каня або кароўку, або якога звярка, або птушку. Залежна ад таго, што ён вымацаў пальцамі пры аглядзе. Просяць дзеці зрабіць птушачку, а ён, памацаўшы дрэва, - робіць коніка. Чаму? А таму, што ён угледзеў сваімі пальцамі менавіта коніка і вызваліў яго з таго палону.

Для многіх-многіх дзяцей у нашай мясцовасці гэны Янук быў найлепшы друг. Усе мы мелі цацкі з ягоных рук, ды якія мастацкія...

Згадваючы сёння таго Янука Біюцкага, я скажу:

- Не, не дурань ён быў. Быў ён выдатны майстар-мастак, толькі ўзяў на сябе непасільны цяжар: вызваліць хараство з-пад грубай абалонкі. І надарваўся ад такога непасільнага цяжару.

Вялікі мастак так і сышоў са свету, не сказаўшы таго, што мог сказаць сваімі творамі...


Загрузка...