А яшчэ вось як народная дасціпнасць дапамагла нам пазбавіцца дужа непрыемнай аперацыі: у нядаўна адрамантаванай кватэры зімою здымаць жалезную трубу, якая злучала нашу галандачку з комінам у суседняй кватэры. Справа ў тым, што трубу запоўніла сажа, нават дым не праходзіў.
Суседка, Кацярына Пятроўна, пачуўшы тое, кажа:
- Не слухайце муляроў, не трэба нічога разбіраць ды ў кватэры бруд разводзіць. Вазьміце бярэмца сухіх асінавых дроў ды прапаліце імі ў печы.
Спачатку мы з жонкай падумалі, што наша суседка жартуе, бо яна была кабета вясёлая, жыццярадая. Я, на ўсякі выпадак, запытаўся ў яе:
- А ці не падобна ваша парада, Кацярына Пятроўна, да той, якую мне, малому, давалі, калі я меўся зайцоў лавіць: вазьмі, маўляў, драбочак солі і ўскінь зайцу на хвост, заяц адразу і сядзе...
- Ды што вы, - кажа, - якія жарты! Пойдзем, я памагу вам і бервяно асінавае распілаваць.
Падрыхтавалі мы ўсё. Прынёс я бярэмца дроў. Распалілі. І што б вы думалі: як пачало гудзець, як пачало палаць, дык мы і не дазналіся, куды тая сажа знікла, так добра прачысціла трубу. У далейшым, дзе б мы ні жылі, рыхтуючы паліва для зімы, я заўсёды клаў асобна маленькую кладнічку сухіх асінавых дроў і прапальваў імі печ не менш аднаго разу на месяц, не чакаючы таго, пакуль сажа запоўніць увесь комін...