Рыхтуючы з нас вясковых настаўнікаў, якія павінны ствараць у сваіх вёсках асяродкі культуры, нашы педагогі імкнуліся прышчапіць нам усе добрыя якасці, уласцівыя сапраўднаму культурнаму чалавеку. Кожны настаўнік звяртаў нашу ўвагу на ўсе станоўчыя і адмоўныя рысы літаратурных ці гістарычных асоб, якія маглі б быць карысныя і каштоўныя пры фармаванні нашых уласных характараў.
Дырэктар, чалавек надзвычайна высокай адукацыі, аўтар вялікіх прац па гісторыі расейскага старадаўняга мастацтва, Н.Н.Ушакоў выказваў неаднойчы жаль з прычыны таго, што мы, прыехаўшы ў параўнаўча чужы горад, не маючы ўласнага памяшкання, не можам наладжваць літаратурна-мастацкіх вечарын, на якія б маглі запрасіць хлопцаў і дзяўчат з іншых школ. Шкадаваў і аб тым, што мы не можам праз гэту ж прычыну навучыцца правільна і прыгожа танцаваць класічныя танцы. Некалькі разоў на сваіх лекцыях па гісторыі педагогікі ён казаў нам, што мы не павінны трымацца дзікунамі ў адносінах да дзяўчат-гімназістак, рэкамендаваў нам знаёміцца з імі, праводзіць іх у школу, на канцэрты.
І вось аднойчы, хоць і ў чужым памяшканні, нашай настаўніцкай семінарыяй быў арганізаваны вечар. Праграма была бадай што звычайная: дэкламацыя вершаў, спевы, гульні ў розныя фанты, танцы. Нам дырэктар загадзя наказаў, каб мы даглядалі гасцей, стваралі сваім удзелам добры настрой і, самае галоўнае, каб пасля вечарын абавязкова праводзілі дзяўчат да іхніх кватэр.
На гэтым вечары я і пазнаёміўся з адной гімназісткай - Ленай Багдановіч, бацькі якой жылі ў Невелі і мелі ўласную хатку блізу Віцебскага вакзала. Было ёй гадоў чатырнаццаць-пятнаццаць, бадай мая равесніца. Была яна даволі прыгожая, з карымі вачамі, з доўгімі русявымі косамі, якія ў тыя гады былі модныя. Твар у яе быў тыпова беларускі: з тонкім носікам, злёгку хударлявы, з натуральным румянцам. Адным словам - звычайная сімпатычная дзяўчына. Калі канчаўся вечар, я папрасіў у сваёй спадабанкі дазволу праводзіць яе дадому. Яна дазволіла, крыху падумаўшы:
- А ці зручна будзе табе? Табе ж трэба зусім у адваротны бок...
Памогшы ён апрануць паліто, я сам хутка апрануў свой шынель, павязаў на шыю башлык, без яго мы не мелі права нідзе з'яўляцца ў зімовы перыяд, усклаў на галаву сваю шапку, і мы памаленьку пайшлі. Калі крочыць не спяшаючыся, да дома маёй спадабанкі было не больш васьмі хвілін хады. Мы неяк ухітрыліся ісці больш паўгадзіны. Я, зразумела, вёў яе пад руку. Размаўлялі мы пра ўсё на свеце: пра сваіх настаўнікаў, сяброў, пра навукі. Нават закранулі тэму кахання, але ў літаратурным плане. Калі падыходзілі да яе хаты, мы ўжо так зблізілі свае галовы, што засталося зусім, зусім недалёка да пацалунка. Я, стаўшы на іхнім ганку, наважыўся быў дакрануцца сваімі вуснамі да яе такіх слаўных, прыгожых вусначкаў. І ў гэты самы момант нейкая цёмная хмара нечакана закрыла ад мяне і маю спадабанку, і ясны месяц, і зорнае неба: на маю галаву апусцілася «чудзішча обла, стазеўна і лаяй», абдало мяне попелам, укалола мільёнам іголак і аглушыла, як громам, словамі:
- Ах вы, саплівікі, абнімацца? Цалавацца? Заляцацца? Вось табе раз! - па мне... - Вось табе два! - па маёй спадабанцы... - Вось табе раз! - зноў па мне... - Вось табе...
Кожнае слова сваёй энергічнай прамовы гэтая хмара падмацоўвала не менш энергічным ударам памяла, звязанага, відаць, для нейкай хлебапякарскай печы.
Каб пазбавіць сваю мілую Леначку ад новых удараў, бо карніца ўсё адлічвала: «Вось табе два», - я адскочыў ад ганка. Матка Лены, гэта была менавіта яна, дадала тады:
- Я скажу твайму дырэктару, што замест таго каб урокі вучыць, ты да дзяўчат цягаешся...
Стоячы на даволі пачцівай адлегласці ад яе і страсаючы з сябе, наколькі магчыма, попел ад памяла, я сціпла адказаў:
- Дырэктар нам і загадаў, каб мы ўночы не адпусцілі дзяўчат адных, абавязкова праводзілі да самага дому. Я ж у ваш дом не ўваходзіў...
На гэта яна, махнуўшы памялом так, што яно зноў закрыла ад мяне ясны месяц, сказала:
- Не будзе мала і вашаму дырэктару, калі так...
Усё ж з Ленай мы пасля гэтага сустракаліся, праўда, выпадкова. Яна пад вялікім сакрэтам мне сказала:
- А ведаеш, ты маёй маме спадабаўся. Мне думаецца, што можаш смела прыйсці да нас у госці.
Гэта для мяне было вельмі нечакана, але рызыкаваць у другі раз я не адважыўся.
Так мы і разышліся з ёй у розныя бакі...