Аднойчы сядзеў я на лавачцы каля дома з суседскай дзяўчынкай Маняй. Падышоў да мяне, павітаўся і сеў побач таксама суседскі хлопчык Шлёмка, такога ж узросту, як і Маня.
Я люблю размаўляць з малымі. Цікава, як яны глядзяць на жыццё, на вакольны свет. І гэтым разам пагаварылі аб тым-сім. Тут хлопчык і кажа:
- А гэта Маня дурная!
Я здзівіўся і пакрыўдзіўся.
- Што ты вярзеш? Ты б такія адзнакі са школы прыносіў, як яна. У яе ж адны пяцёрікі...
- Ха! Што яе пяцёркі! Я залез у іхні сад, узлез на самую лепшую яблыню і латашу сабе яблыкі, поўную пазуху напакаваў. Прыходзіць яна. Прайшла каля самай яблыні, мяне не ўбачыла, узяла з-пад суседняга дрэва нейкі ападыш ды і пайшла з саду... Дзе ж яе розум?!
Я праз малы час пытаюся ў Мані, ці праўда гэта, што Шлёмка кажа.
- Праўда, дзядзечка! Я пайшла да яблыні адмыслова, гэта ж мая самая любімая. Кожную раніцу хаджу да яе. Аж бачу, на дрэве сядзіць ён. У іх свайго саду няма. Няхай, думала так, няхай паласуецца... Узяла зусім не патрэбны мне яблык і пайшла прэч з саду, каб не засмуціць, не здэтанаваць яго...