1
Краснаярскі гадавальнік пладовых дрэваў быў далёка за горадам. Але я не пашкадаваў, што прыехаў, калі зірнуў на ягоныя багацці. На кожным кроку, на кожным метры адчувалася, што тут працуюць людзі, закаханыя ў сваю справу. Нібыта ў нейкай чароўнай казцы, а не на яве разгортваліся перада мной усё новыя і новыя дзялянкі, адна прыгажэй за другую. Галоўным чынам - яблыні, яблыні і яблыні. Але якія! Сапраўды думалася, што нейкі ўсемагутны чараўнік, махнуўшы сваёй чараўнічай лясачкай, увагнаў у зямлю ствалы дрэваў, пакінуў на паверхні адны толькі кроны. Гэтыя кроны распасцерліся над самай зямлёю. На іх - поўна яблыкаў усялякіх, самых добрых гатункаў, буйных, прыгожых, як у найлепшых нашых беларускіх садах. Для таго каб сашчыкнуць яблык, не трэба падымаць галаву ўгору, браць якую адмысловую жэрдачку, для таго прыстасаваную. Не! Наадварот, трэба, як над гурковай ляхой, прыгнуць галаву, паглядзець на крону і без жаднай жэрдачкі, проста рукамі ўзяць тое, што табе да спадобы... Дзе ж тыя чараўнікі, што здзейснілі такое дзіва? Вось яны! Побач са мной! Імя ім - нашы савецкія людзі. Яны ж у гадавальніку стварылі тысячы прышчэпаў для таго, каб сібіракі маглі мець пры сваіх сядзібах або ў калгасах чараўнічыя яблыні...
Я набраў звыш двух дзесяткаў яблынек, трохгадовых прышчэпаў. Мне завінулі гэтае ўсё адмысловым спосабам, - карэнне паабкручвалі вільготным мохам, пасля ўсё разам - рагожай. Дарога далёкая. У Сібіры няма блізкіх дарог. Самая блізкая, да райцэнтра, у нас была семдзесят кіламетраў. А я так і не сказаў: навошта такія яблынькі з нізенькай кронай. А на тое, каб іх зімой пазасыпала снегам і не памарозіла.
Выйшаў я са сваім пакункам на дарогу, спадзеючыся, што на якой-небудзь папутнай машыне даеду да станцыі. І ў гэты час пабачыў, як з неймавернай хуткасцю пачало мяняцца неба: яно ўскоўдрылася нейкай чорна-сіняй хмарай, з гэтай хмары пачалі пучкамі вылятаць бліскавіцы, біць перуны за якіх вёрст пяць, але так, што было добра чутно і тут. Што ж будзе, калі перуны наблізяцца да гэтага месца?! І нідзе блізка - ніякай будкі, ніякага дрэва. Стаіць толькі пара абшморганых кусточкаў. Як на грэх, усе машыны ідуць з горада. З аднаго боку і зразумела: раніцой яны ішлі ў горад, там справілі свае справы і цяпер вяртаюцца назад... Але ж для мяне гэта малая ўцеха! Прайшло, праўда, некалькі машын і ў горад, але яны, уцякаючы ад навальніцы, якая наступала ім на пяты, нават і не думалі спыняцца. І вось пачалі падаць першыя кроплі дажджу. Кроплі цяжкія, буйныя. Нават чутно, як яны стукаюць па пяску, нібыта прабіваючы, пракладваючы дарогу для іншых. Я падумаў ужо, што прыйдзецца пакінуць мой пакунак на дарозе, а самому ўцякаць, куды вочы глядзяць. Аж раптам ідзе нечая індывідуальная аўтамашына, «Пабеда». Падняў я так, для самасуцяшэння, руку. Думаю, што не спыніцца... І раптам машына спыняецца. Прачыняе дзверцы маладзіца, пытаецца:
- Што, дзядуля?
Я паказаў рукой на неба, пасля на свой пак:
- Хоць бы як да першага гарадскога транспарту дабрацца...
- А куды вам наогул трэба?
- О! Мне далёка, аж у Абанскі раён...
- Значыцца, на вакзал?
- Але!
- Сядайце...
Толькі я прычыніў, пагрузіўшыся, дзверцы ў машыне, як пачалася залева. Муж гэтай маладзіцы змушаны быў некалькі разоў спыняць машыну, бо з неба ліліся проста вадаспады, праз якія за крок не было нічога відно...
Маладзіца жартуе:
- Пашэнціла вам, дзядуля! Яшчэ адна хвіліна, і вы сваіх яблынек адцураліся б...
Падвезлі яны мяне да самага вакзала. Толькі машьша спынілася ля вакзала - і дождж перастаў. Выглянула сонца. Нібыта не было на свеце перуноў, бліскавіц, а быў увесь час ясны дзень.
Выявілася, што мяне вёз сібірскі беларус. Я сардэчна падзякаваў ім абаім і запрасіў каштаваць яблыкі ў сваё паселішча.
- Магчыма і прыеду калі, - не адмовіўся ён. - Справа ў тым, што мае бацькі жывуць у суседнім з вамі раёне, а я час ад часу наведваю іх...
Гэта быў пачатак шляху. Далей пачаліся прыгоды, перад якімі пачатак стаў зусім непрыкметны...