Дзівосная яліна

Вялі мы тэлеграфную лінію паўз раку Яўрын, прыток Бурэі. Займалі вялікі адрэзак, у адпаведныя пункты яго і хадзілі раніцой па трое-чацвёра, у залежнасці ад таго, якія менавіта слупы трэба было рыхтаваць і стаўляць: анкерныя, супрацьвятровыя, кутнія. У нашым звяне было якраз чацвёра: два цесляры, два спецыялісты-манцёры. Праўда, на самую пастаноўку збіралася па тры-чатыры звяны. Але справа не ў гэтым. Работа нам падабалася тым, што, ідучы да свайго пункта, а ўвечары да жытла, мы былі сам-насам з прыродай, любаваліся цудоўнымі краявідамі, скаламі, сопкамі, нават асобнымі дрэвамі, такімі непадобнымі адно да аднаго. Ля нашае сцежкі стаяла, крыху наводшыбе ад самай тайгі, на невялічкай паляне, адна вялізарная яліна. Не менш чымсьці метраў паўсотні было ў ёй вышыні, а сукі яе ніжнія займалі круг, мабыць, блізу таго. Адным словам, не дрэва, а званіца. Неяк мы заспрачаліся: якой таўшчыні можа быць ствол у гэтага дрэва, бо мы яго не бачылі, ён быў закрыты ад нас абвіслымі сукамі, прычым канцы самага першага яруса засыпаны снегам зусім. Стваралася ўражанне, што гэта нейкі цудоўны снегавы шацёр.

- А чаго доўга думаць? - сказаў адзін з нашых таварышаў. - Зойдзем пад гэты шацёр і змерым таўшчыню. Такога дрэва мы, пэўна, у жыцці не пабачым...

З гэтымі словамі ён падышоў да магутнай яліны, узяўся дзвюма рукамі за сук і вырваў яго са снегу.

Мы спачатку не зразумелі, што тут сталася. Праз вялікую дзірку, якая ўтварылася ў гэтым снегавым доме, вырвалася, выбухнула нейкая шэрая хмара і прамчалася, нібыта маланка, у тайгу. А на гэтай хмары, закрычаўшы немым голасам, праляцеў і наш таварыш. Толькі метраў праз дваццаць ён зваліўся на снег. Пасля ўскочыў на ногі і выбег да нас, на палянку.

- Козы! Дзікія козы! А я трапіў якраз на казла. Ён і пранёс мяне на сабе ладны кавалак. Мог зусім акалечыць.

Мы зайшлі ўсе ў той апусцелы казінец. Там быў сапраўдны хлеў. Толькі адна адтуліна мелася на супрацьлеглым баку, праз якую козы заходзілі нанач і выходзілі раніцой. Нават цёпла было, так яны нахукалі ўсім статкам. Відаць, не адзін год трымалі свой стан пад гэтай ялінай. Мы аж пашкадавалі, што праз нашу цікаўнасць бедныя козы змушаны начаваць немаведама дзе. Памералі і ствол. У ім было паўтара метра ў дыяметры. Выйшлі мы, зноў паставілі на месца вырваную галіну-лапку, нават прысыпалі снегам з парушанага боку. Але ці прыходзілі козы начаваць зноў - не ведаем, бо самі мы перасунуліся па трасе кіламетраў за трыццаць - сорак ад гэтага месца...


Загрузка...