Стары пазалотнік, гітара і шашкі

Знайшлі мы сабе добрую кватэру. Мы - чацвёра навучэнцаў настаўніцкай семінарыі. Салдат на гэтай кватэры не было, гаспадаровы дзеці жылі ў вялікім горадзе. Было толькі двое саміх старых. Гаспадыня займалася хатнімі справамі і з усёй ахвотай згадзілася гатаваць нам абед і вячэру. Гаспадар быў выдатны майстар-пазалотнік. Апрача таго, ён, нягледзячы на стары век, надзвычай добра іграў на гітары. Але не меншую славу ён меў і як ігрок у шашкі. У гэтым ён лічыўся чэмпіёнам горада Невеля.

Жылі мы вельмі добра, спакойна. Спалі ўсе на падлозе ў гасцінай, а займаліся на кухні. Тут стаяў вялізны стол, было светла і цёпла ад добра складзенай печы: у яе шчыток быў наўкол, так што залазіць на печ можна было толькі ў адным месцы і на печы чалавек пачуваўся нібы ў нейкай маленькай утульнай хатцы.

Стары гаспадар займаўся сваёй пазалотніцкай працай днём, калі нас не было. Мы яму ні ў чым не перашкаджалі, хлопцы нашы былі добрыя, далікатныя, і гаспадары былі намі дужа задаволены.

Калі ў нас здаралася вольная хвіліна, мы прасілі гаспадара паіграць нам на гітары. Згаджаўся ён ахвотна. Мы былі задаволены яго канцэртамі, ад усяго сэрца дзякавалі яму, а ён быў задаволены, відаць, тым, што ўсё ж больш-менш культурныя хлопцы разумеюць, паважаюць і з сапраўднай пашанаю ставяцца да ягонага выканання.

Але вось стары гаспадар заўважыў, што я хутчэй за сваіх сяброў спраўляюся з падрыхтоўкай да чарговых заняткаў і пачынаю чытаць кнігі.

А яму, як ні кажы, маркотна. Мы маўчым, гаспадыня, каб не перашкаджаць нам, маўчыць. Вось ён і пачаў мяне запрашаць:

- Давай згуляем у шашкі.

Я катэгарычна адмаўляюся:

- Што вы, што вы! Я буду з вамі гуляць у шашкі?! З чэмпіёнам?

А ён - згуляем ды згуляем.

І спакусіў ён так мяне пачаць з ім гуляць у шашкі. Гулялі мы моўчкі, толькі шашка стукне па дошчачцы калі, а гульня ніяк не перашкаджала маім сябрам у іхніх занятках.

Трэба было зірнуць, пацікавіцца, як ён са мной гуляў!

Праводзіў мяне ў дамкі, пасля - закрываў. Закрываў па дзве, па тры, па чатыры шашкі. Карацей і прасцей кажучы, ён гуляў са мной рыхтык так, як гуляе кот з мышкай, не даючы ёй ніякай магчымасці пазбавіцца ягоных кіпцюроў.

Гуляем мы з ім тыдзень, два, гуляем мы з ім месяц, два. На трэцім месяцы пачалі нашы партыі канчацца разыгранкамі - не перамагаў ён, не перамагаю я.

І вось блізка каляд селі мы з ім гуляць. Згулялі партыю, і я ўзяў ды закрыў ягоную шашку. Выбегла на гэтае відовішча гаспадыня, спынілі свае заняткі мае сябры, ды ў голас:

- Гаспадар! Што гэта вы? Як гэта вы?!

Мой стары партнёр, самае сапраўднае прозвішча якога было Бабаха, як бабахнуў кулаком па шашках, дык яны і пакаціліся па ўсёй падлозе. Тут жа спавяшчае:

- Машэнства - і больш нічога! Давай новую партыю.

Пачалі мы новую. Мае сябры і гаспадыня не адыходзяць. Кантроль! Скончылі мы нарэшце і гэтую партыю. Закрыў я зноў шашку. Вінаваты, відаць, ва ўсім далейшым мае сябры. Яны зноў, у адзін голас:

- Га-га-га! Ды што ж гэта за такое?!

А гаспадар, - так яго самалюбства за старое сэрца ўзяло, - схапіў нож, якім золата рэзаў для пазалоты сваёй, ды з гэтым нажом на мяне.

Я ад нечаканкі і спалохаўся і разгубіўся. Замест таго каб выскачыць з кухні на панадворак, ускочыў на печ. А печ жа іхняя, як я ўжо казаў, нібы пастка якая. Жонка, хлопцы чалавека за ногі трымаюць. А ён толькі адно паўтарае:

- Зарэжу!

Ледзь-ледзь угаварылі яго і адвялі ў спальню. Я ўсю ноч не спаў, баяўся. Днём, пасля заняткаў, знайшоў сабе новую кватэру, прыйшоў на старую толькі разрахавацца ды забраць свае сціплыя рэчы. Гаспадыня, ды і сам гаспадар прасілі мяне застацца. Я расчуліўся, пашкадаваў старога і сказаў:

- Я не гневаюся на вас, гэта няпраўда, што я з-за шашак якіх ад вас адыходжу. Я знайшоў кватэру побач самой семінарыі, бо ў мяне дужа кепскі абутак, а вуліцы гразкія.

Прыходзіў пасля разы са два ў госці да іх, да хлопцаў. Але з таго дня больш ніколі і ні з кім за ўсё сваё жыццё не гуляў ні ў шашкі, ні ў шахматы.


Загрузка...