Калі хто-небудзь з нашай сям'і хадзіў з мястэчка Мядзела ў старое Мядзела, дзе была пошта, мядзельскія крамнікі прасілі ўзяць і за адным заходам аддаць на пошту іхнія грошы, якія яны пасылалі пад тавары. Грошы былі па тым часе вельмі немалыя: па дзве-тры сотні рублёў. Мы не адмаўляліся, бо цяжкага ў гэтым нічога не было. Але вось здарылася такое.
Мой самы старэйшы брат Ваня, які з Вільні прыехаў на зімовыя вакацыі, падвязаўшы канькі, накіраваўся на пошту. Па дарозе яго папрасіў адзін крамнік, каб ён узяў заадно і адправіў семсот рублёў. Брат узяў і - гайда праз возера. Грошы з торбачкай паклаў за пазуху. Прыкаціў на пошту, не адвязваючы канькоў, заходзіць, кладзе на бар'ер бланк пераводу. Палез па грошы - грошай няма. А грошы, на тыя цэны, - паўсотні кароў дойных купіць можна. Ні слова не кажучы, выйшаў ён з пошты ды на каньках тым жа следам праз возера. А ехаў ён не па наезджанай дарозе, а па чыстым лёдзе. Праязджае палову дарогі - ляжыць торбачка, грошы ўсе цэлыя. Падняў ён яе ды, не кладучы нікуды, у руках трымаючы, - на пошту і аддаў у належным парадку, пад квітанцыю. Прывёз ён квітанцыю старому Моўшу.
- Дзякуй табе, Ваня, дзякуй!
- Дзякаваць не варта, дзядзька Моўша, але больш ніколі чужых грошай браць не буду.
Ды і расказаў яму пра ўсё здарэнне.
Толькі ад аднаго расказа мама плакала наўзрыд. А ўсёй сям'ёй мы вырашылі так: «Дзякаваць лёсу, што ён пазбавіў нас ад такога гора. Але не трэба спакушаць свой лёс двойчы».