Пажыўшы ў ямах летам, мы пераканаліся, што да зімы вайна не скончыцца. Забраўшы ўсю сям'ю, бацька выехаў у Маскву. Кватэру, адзін вялізны пакой, знайшоў хутка. Цяпер трэба было здабываць сродкі, каб жыць. Пакуль знойдзецца работа, бацька пайшоў у бежанскі камітэт. Там, дачуўся ён, даюць грашовую дапамогу ахвярам вайны, бедным выгнанцам. На ўсякі выпадак тата ўзяў з сабой і мяне, бо я прыехаў якраз на вакацыі з Невеля. Прыйшлі мы з ім у камітэт. Толькі чыноўнік запытаўся ў нас: хто, чаго - як у пакой зайшоў нейкі пан у капелюшы, з лясачкай.
Чыноўнік адразу спыніў гутарку з намі, устаў, запрасіў новага наведвальніка сесці і пачаў пісаць. Пачулі мы, што гэта сапраўды пан, што ў яго за лініяй фронту застаўся невялічкі маёнтак, а ўсёй сям'і - ён і жонка.
Чыноўнік запісаў і сказаў:
- Вам прызначаецца штомесячная дапамога пяцьдзесят рублёў. Вось адпаведны дакумент.
Пан падзякаваў і выйшаў з пакоя. Бацька толькі паспеў мне шапнуць:
- На дзве душы паўсотні. Нам будзе, мабыць, уся сотня.
Чыноўнік пачаў запаўняць ліст на нашу сям'ю. Сесці ён майму тату не запрапанаваў. Пытаўся грубавата:
- Колькі дзяцей пры вас? Пяцёра? Ды яшчэ сам і жонка? Сем душ? Акалечана правая рука? Што яшчэ? Усё? - Вось дакумент. Будзеце атрымліваць дзесяць рублёў на месяц...
Бацька зусім збянтэжыўся.
- Ды як жа? Ці не памыліліся вы? Чаму ж так мала...
- Я ніколі не памыляюся. Што табе незразумела?
- Ды вось перада мной быў чалавек - вы яму на дзве душы запісалі пяцьдзесят рублёў, а мне на сем душ - дзесяць.
- Стары дурань! Зразумей добра: то - пан, а ты - мужык. Табе і дзесяць рублёў няварта даваць. А цяпер - марш адгэтуль, а то і гэты загад адбяру...
Так мы і прамаршыравалі па ўсходках, азіраючыся, ці не даганяе нас чыноўнік адбіраць дзесяцірублёвы загад...
Ідучы вуліцай, бацька пытаўся сам у сябе:
«Ці дачакаемся мы таго, каб не было падзелу на лепшых і горшых, на паноў і мужыкоў?»
Дачакаліся...