Як Марк Твэн памог цокаль фарбаваць

Нашыя брыгады рамантавалі жылыя дамы ў Бірабіджане. Жыхары з аднаго дома, які займалі мы, пераходзілі часова ў суседні, сяліліся па дзве сям'і ў адну кватэру. Наша работа ішла хутка, надвор'е спрыяла. Я працаваў тады маляром. Работу выконваў акуратаіа і чыста. З гэтае прычыны майстар ставіў мяне, галоўным чынам, на афарбоўку вокан і дзвярэй.

Рамантавалі васьмікватэрны дом. Я са сваім заданнем справіўся за гадзіну да канца рабочага дня і адразу пайшоў адмываць пэндзлі, прыбірацца. Заўважыўшы гэта, да мяне падышоў майстар і папрасіў:

- Браток, не прыбірайся! Ёсць яшчэ адна маленькая работа, хвілін на пятнаццаць...

А мы ўсе ведалі, што такое пятнаццаць хвілін. Бывала, што і на тры дні іх хапала. Асцярожна пытаюся:

- Якая такая работа?

- Цокаль дома трэба прайсці хоць адзін раз. У нас ёсць у кадушцы і колер гатовы - умбра паленая... Пойдзем, глянем на гэты цокаль.

Пайшлі. Глядзі не глядзі, а самае малое паўсотні квадратных метраў...

- Эх, Іван Сямёнавіч, - кажу я майстру, - якія ж твае вочы! Пятнаццаць хвілін... Ды тут на добры дзень работы, толькі ўправіцца...

- Слухай, браце! Заўтра прыйдзе камісія, а работа недакончана... Зрабі як-небудзь...

Сам адразу пайшоў, каб не слухаць майго аднеквання.

Што паробіш? Трэба пачынаць!.. Узяў я вядзерца фарбы, пэндзаль, выйшаў да цокаля, стаў і пазіраю на яго крывым вокам. Раптам чую за спіной нясмелы галасок:

- Дзядзечка! Вы што будзеце фарбаваць?

Я павярнуўся, аж каля мяне стаяць чалавек дванаццаць хлапчукоў-школьнікаў рознага ўзросту. Аж вочы ў іх гараць:

- Дзядзечка! Дайце хоць крышачку пафарбаваць...

І тут я раптоўна згадаў Марка Твэіна і ягонага Тома Сойера, як ён цётчын плот фарбаваў. Няхай мне даруе лёс мой учынак, але я адразу надумаў выкарыстаць энергію гэтых юных энтузіястаў на карысць агульнае справы. Пачаў я з адмоўнага адказу, каб больш заахвоціць іх.

- Дазволіць фарбаваць вам можна было б, але ж вы папсуеце работу...

- Ды не, дзядзечка! Мы зробім усё добра і акуратна.

- А ў якіх кватэрах вы жывяце?

Яны сказалі, дзе кватэра кожнага.

- Тады вось што. Кожны з вас будзе фарбаваць супраць сваёй кватары. Больш - нельга.

Але тут выявілася, што чацвёра - у гэтым доме не жылі, і юная брыгада ў адзін голас заявіла ім, што фарбаваць яны не будуць. Трэба было б самім зірнуць, які смутак агарнуў гэтых хлопчыкаў! Я прыйшоў ім на дапамогу.

- Пачакайце, пачакайце! - сказаў я. - Яны прыходзяць да вас у госці? Прыходзяць! Дык мы паставім іх фарбаваць ганкі. Яны ж праз ганкі ходзяць да вас!

На гэтым была дасягнута поўная згода. Я папрыносіў усім кацялкі з фарбай, раздаў пэндзлі, расказаў і паказаў, як трэба набіраць фарбу, як растушоўваць, і работа пайшла.

Мне прыйшлося толькі хадзіць каля іх, падпраўляць пропускі, пацёкі і мірыць, калі між імі ўзнімаліся тэрытарыяльныя спрэчкі. Праз якіх хвілін сорак уся работа была скончана, лепш і не зробіш. Я пазаносіў у кладоўку посуд, пэндзлі, памог хлопцам паадмываць працавітыя рукі ад фарбы шкіпінарам, падзякаваў і пайшоў прыбірацца сам.

Зноў прыходзіць майстар.

- Слухай, браток! Я ж цябе прасіў на прамілы бог фарбаваць цокаль, а ты не хочаш паслухаць...

- Ды колькі ў цябе тых цокаляў, Іван Сямёнавіч! Адзін я пафарбаваў. Пойдзем, пакажу.

Выйшлі мы з памяшкання, абышлі вакол дом. Мой майстар літаральна аслупянеў.

- Нячысты дух табе які памагаў, ці што? Не магу зразумець, - вымавіў урэшце ён.

Я не мог больш ніяк устрымацца, засмяяўся і сказаў:

- Памаглі мне гэтыя слаўныя, працавітыя хлопчыкі. Вось ты ім і падзякуй за такую нечаканую, тэрміновую і выдатную дапамогу.

Так мой майстар і зрабіў. Пасля неаднойчы ён згадваў пра гэтую маленькую падзею і дужа доўга смяяўся, калі я расказаў яму пра Тома Сойера і самога Марка Твэна. Вось і скажы, што добрая кніга не памагае нам у жыцці!


Загрузка...