Як рыбу лавілі... ломам...

Мяне асабліва здзівіла, калі я трапіў на Далёкі Ўсход, што ва ўсіх вадаёмах, вялікіх і малых, была рыба. Ідзеш тайгою - каля сопкі нейкая калюжына, метраў дзесятак удоўжкі, метраў пяць-шэсць упоперак. Зірнеш - аж вада кіпіць ад рыбы. Можна рукамі лавіць, а якой посцілкай - колькі згодна. Мясцовыя людзі, тубыльцы, нам растлумачылі, што ікру па такіх калюжынах або азярынках разносяць, насяюць качкі. Плаваюць качкі па рацэ. Да іхняга пер'я прыстае ікра. Пералятаюць на якую лясную азярынку, пачынаюць плаваць там - ікрынкі адмываюцца вадой, насяюцца. Вось табе і рыба ў такіх вадаёмах, дзе няма ні вытокі, ні прытокі...

Неяк у 1939 годзе далі нам тэрміновае заданне: закласці ў Новым Бірабіджане штук дванаццаць фундаіментаў пад васьмікватэрныя дамы. Чаму тэрмінова - набліжалася зіма. Да маразоў трэба было забетанаваць усё. А на гатовым фундаменце дом можна ставіць і ў маразы.

Каля нашай пляцоўкі была якраз невялічкая азярынка. Мы да яе і блізка не падыходзілі: не было часу і патрэбы. Але вось адзін наш сталяр, вельмі цікаўны, прайшоў да азярынкі. І што ён там заўважыў - поўна рыбы! Прыбягае ён да нас і спавяшчае аб гэтым. Пайшлі, зірнулі - праўда! Але часу не было рыбу браць. Узяліся працаваць. А пра тую азярынку не забыліся. Калі зімой нам давялося канчаць новы дом, пастаўлены на нашым фундаменце, той самы зух, які першы згледзеў рыбу, узяў лом і выбіў з азярынкі вялікую крыгу лёду. Рахаваў ён так, што амаль уся вада зледзянее, а рыба застанецца на самым дне. Так і сталася. Пад выварачанай крыгай рыба ляжала проста радамі. З аднаго-двух квадратных метраў набралі паўнюткае вядро. Рыбу згатавалі ў вёдрах, са смакам з'елі і юшку. Так, адбіваючы штодня па метру-два лёду, за паўзімы наша брыгада з'ела рыбу з усяе азярынкі. А азярынку ўсё роўна трэба было засыпаць, каб падрыхтаваць добрую пляцоўку пры новых дамах...


Загрузка...