2


Чыгуначны шлях да Канска і шаша да Абана праляцелі хутка. Застаўся самы страшны і цяжкі кавалак дарогі, ды не маленькі - семдзесят кіламетраў - ад Абана да ракі Бірусы. Забягаючы крыху наперад, скажу, што праехалі мы яго на магутным дызельным трактары за чацвёра сутак. Гэта азначае: па семнаццаць - васемнаццаць кіламетраў у суткі... Было такое раздарожжа, што па таежных дарогах не хадзілі больш ніякія машыны.

На панадворку леспрамгаснага склада нагрузілі поўную цялежку, фактычна вагон, розным жалеззем, цвікамі, запчасткамі. Гэтую цялежку прымацавалі да трактара. Звязаны яны былі дышлам, - бярозавым бервяном, акаваным рознымі жалезнымі хамуцінкамі, скобамі. Паверх гэтага ўсяго села са сваёй маёмасцю брыгада маладых геолагаў, якая ехала ў наша паселішча. Моладзь дужа сардэчная, прыязная, сімпатычная, але зусім ненапрактыкаваная ў такіх паходах. Калі я, моцна прывязаўшы да борта цялежкі пакунак з яблынькамі, пачаў лаштаваць сабе месца ў цялежцы, яны весела смяяліся з мяне. Асабліва гучны смех выклікала тое, што я ўзяў бярозавую жэрдку і загнаў яе паміж грузамі і бортам.

- Што гэта будзе, для чаго?

- За гэтую жэрдку я буду трымацца ў дарозе, каб не зваліцца...

- Ой, дзядуля, паводле свайго росту вы і лясачку сабе падшукалі...

- Не трэба смяяцца, дзеткі, а пакуль мы на месцы - пастаўце хоць пару такіх жэрдак для сваіх дзяўчат...

- Дзякуем вам за параду! Не клапаціцеся, мы ўсе - фізкультурнікі...

Паехалі. Выехалі з горада, узялі кірунак на Апана-Ключы. Ад'ехаўшыся кіламетры за два, наша цялежка пачала нахіляцца то на правы, то на левы борт. Усе новыя, фарсістыя рукзакі маіх юных спадарожнікаў, якія я радзіў ім папрывязваць ды мацней: «Ха-ха! Ніхто іх у нас не ўкрадзе!» - апынуліся адны на левай палове дарогі, другія - на правай. Пачалі пырхаць следам за імі і «фізкультурнікі». Усе дзяўчаты з'ехалі да майго бярозавага кала, паляпіліся за яго, як пчолкі ў часе раення за які сучок. Толькі і чулася:

- А божухна! Калі ж пачнецца добрая дарога?

Я іх супакоіў тым, што сказаў:

- Гэта ёсць самая найлепшая частка нашага шляху. Праз кіламетраў пятнаццаць - самая горшая. Але, праўда, там вакол будзе тайга, багата жардзін усялякіх, можна ўмацавацца як хочаш...

Яны не падзякавалі мне за паведамленне, але пачалі пытацца, што зрабіць і як для бяспекі.

У сяле Апана-Ключы мы спыніліся. Механікі праверылі сваю машыну, а юныя вандроўнікі папрывязвалі ўсе да аднаго свае рэчы, панастаўлялі ля бартоў бярозавых колікаў для сябе.

У першы ж дзень мы праехалі вёску Байкан і ўзышлі ў тайгу сапраўдную. Дарога - мора разліванае. Ад'ехалі ад Байкана кіламетраў пяць-шэсць, як паламалася дышла. Але тут, на шчасце, быў добры прыпынак: сталоўка, некалькі домікаў, у якіх жылі нарыхтоўшчыкі жывіцы. Пакуль павалілі бярозу, абкантавалі яе на дышла, перастаўлялі жалеззе са старога на новае, надышла ноч. Заначавалі дзе хто здолеў: хто ў хатках, хто на трактары, хто ля агню. Раніцай паснедалі ў сталоўцы, паснедаць можна было як хочаш, прадукты - вышэйшай якасці, нават толькі што застрэленая дзічына: цецерукі, рабчыкі, глушцы... Пасля снедання паехалі далей.

Пачаліся другія суткі. Ад'ехаліся, можа, пятнаццаць кіламетраў - аварыя: лопнула жалезная злука, «серьга», пры дапамозе якой дышла чапляецца за трактар. Гэтага з пня не ссячэш...

Пайшлі з паклонам у паселішча Азёрнае, да нарыхтоўшчыкаў жывіцы. Пакуль дачакаліся іхняга начальніка - час ішоў без супынак. Начальнік, чалавек добры і разумны, каб не трымаць такую партыю людзей, даў загад - адкруціць патрэбную частку з іхняга трактара і даць нам. Пакуль адкручвалі, пакуль прыкручвалі - надышоў вечар. Заначавалі ў Азёрным. Паснедаўшы ў гэтым паселішчы, раніцой крануліся, падзякаваўшы і насельнікам і начальству за гасціннасць і дапамогу.


Загрузка...